"Jazz pirates" – экалагічная музыка, якая заменіць АЭС ў Астраўцы

120604 Malina 4ifs.mp3

“Мы праразаем будучыню для беларускамоўнага джазу! Заваёўваем Амерыку і Расію! А потым сталіца сусветнага джазу будзе дзе-небудзь у нашых Пухавічах!” – акрэсліў далёкія мэты Chiefs band яго кіраўнік падчас прэзентацыі дэбютніка "Jazz pirates".

Ідэйны натхняльнік і кіраўнік гурта Алесь-Францішак Мышкевіч змясціў на невялічкай сцэне сталічнага "Кайота" адразу дзесяць музыкаў і дваіх вакалістаў. Паглядзець на беларускіх "неграў", як самі сябе называюць Chiefs band, сабралася поўная зала аматараў джазу і музыкаў. Былі і тыя, хто ўпершыню нажыва пачуў Chiefs band, як, напрыклад, журналіст Зміцер Падбярэзскі.

“Энергетыка проста вар’яцкая прэ! Не трэба будаваць атамную станцыю ў Беларусі! Дастаткова проста паставіць у Астраўцы Chiefs band, зрабіць ім нармальную пляцоўку, і каб Chiefs band даў там такі канцэрт, які сваёй энергетыкай напітае Беларусь на многія гады наперад. Гэта і ёсць экалагічная музыка, якая ніякай шкоды насельніцтву не зробіць, яна толькі ўзрушыць. Калі б была такая магчымасць – звесці ў адным канцэрце Ляпісаў і Chiefs band – адбыўся б ядзерны выбух! Дай Бог ім зберагчы гэты склад калектыву, і яны зробяць вельмі шмат!” – дзеліцца ўражаннямі ад канцэрту Падбярэзскі.

абаяльны вакаліст каманды - Юрый Селізнёў

Нагадаем, фішкай Chiefs бэнду з’яўляецца яго беларускамоўнасць. Прынамсі, будучы альбом "Чыфсоў" будзе праспяваны цалкам на роднай мове, абяцаюць музыкі. Ідэяй беларускамоўнага фанку падчас канцэрту “заразіўся” і бас-гітарыст гурта "No comment band" Алег "Лімон":

"Хлопцам не проста даваўся гэты дыск, наколькі я ведаю. Але тое, што яны зрабілі – гэта проста шык! Я цалкам згодны з Алесем і яго мэтамі пісаць песні на мове, мы самі граем фанк, і я ўпэўнены, што беларуская мова на гэтую музыку кладзецца вельмі добра. Калі кажуць, што гэта не так - гэта ўсё стэрэатыпы людзей, трэба іх ламаць. І я буду дапамагаць Алесю ва ўсім, каб фанк гучаў па-беларуску".

 

і чароўная вакалістка Каця Худзінец

Цягам усяго канцэрта Алесь-Францішак Мышкевіч не пераставаў дэманстраваць свае таленты: граў на бас-гітары, размаўляў па-беларуску, лаяўся па-ангельску і няспынна прызываў займацца сексам, што моцна забаўляла гледачоў. Пасля прэзентацыі Алесь-Францішак выглядаў відавочна шчаслівым і падзяліўся сваімі эмоцыямі ад выступу з Еўрарадыё.

"Сама прэзентацыя стварала такі масавы наплыў энергіі, што хацелася проста адлятаць на аблокі. Нават колькі чалавек прыйшло! Таму, вядома, усё прайшло з такім смакам, што ўсе ляталі, пілі, гулялі і амаль займаліся на танцполе сексам!"

 Алесь-Францішак Мышкевіч

 

Пацешыўшыся з ўдалага выступу хлопцаў і паразважаўшы пра планы на будучыню праекта, і калегі-музыканты, і журналісты прыйшлі да высновы, што ўсё ж для таго, каб беларускамоўны джаз стаў насамрэч папулярны, трэба шмат чаго зрабіць. І перш за ўсё, вырашыць "стратэгічнае" пытанне – такая музыка павінна загучаць на радыё і тэлебачанні.

 

 

"Акрамя гэтага трэба рабіць шмат фестываляў, "тусачаў", шмат клубаў павінна быць, – лічыць Алесь-Францішак. - Калі такіх месцаў стане болей, натуральна, з’явіцца канкурэнцыя, якая дапаможа Беларусі выйсці на ўзровень рынку.А будзе рынак – будзе праца, і тады ўся гэтая культура падымецца. А каму як не нам яе рабіць? То бок гэтым мы і займаемся".

Для ўсіх, хто не трапіў на "пірацкую" прэзентацыю раім як мінімум расслухаць дыск ды ўважліва сачыць за афішай гурта. Што ж тычыцца "Джазавых чацвяргоў" у Сoyote, у адзін з якіх і адбылася прэзентацыя "пірацкага джазу", ўжо 7 чэрвеня там выступіць фьюжн-каманда A-Venue Band.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі