Каця Пытлева заспявала індыйскія мантры разам з сястрой

121226_malina_pytleva.mp3

У рэдакцыі партала Tut.by выступае новы музычны праект тэле-радыё вядучай Каці Пытлевай і яе роднай сястры Дар’і. Канцэрт пачынаецца раздачай вузкаму колу прысутных адмысловых “ратавальных канвертаў”, дзе ёсць усё неабходнае падчас канца свету: магніцік гурта, пахошчы ды паперка з індыйскімі мантрамі, на якіх і спецыялізуецца Soulkitchen.

“Мне проста хацелася разам з людзьмі, якіх я люблю, што-небудзь рабіць, — тлумачыць выбар рэпертуару адна з фронтвумэн гурта Даша. — А улічваючы, што я люблю спяваць, а спяваць мне больш няма дзе ды і з кім, то… Карацей, першапачатковая ідэя была хоць нешта рабіць, каб не было сумна сядзець дома”.

Пачыналася ўсё са спеваў разам з ёгамі, з якімі Дар’я разам займалася, але потым да працэсу далучылася і сястра, якая на той момант нічога пра мантры не ведала.

“Мы з дзяцінства разам спявалі і ведалі, што гэта ў нас добра атрымліваецца, мы нават у нейкіх конкурсах перамагалі, — узгадвае Каця Пытлева. — Даша мяне проста запрасіла, папулярна патлумачыла мне і нашым сябрам, што ёсць мантры і неяк спантанна з хатніх пасядзелак усё ператварылася ў Soulkitchen”.


Дар’я перад кожнай кампазіцыяй тлумачыць значэнне мантры, перакладае яе словы, дзякуючы гэтаму спевы гурта перастаюць быць бессэнсоўнымі. Атмасфера падчас выступу сапраўды душэўная і кухонная. Некалькі дзясяткаў чалавек разваліліся ў мяккіх крэслах-каплях ды заплюшчылі вочы, часам падаецца што яны спяць… выдаюць бадзёрасць стану выключна ледзь заўважныя рухі вуснаў ды амаль бязгучнае нашэптванне.

Вельмі цікавая візуальная карціна афарбоўваецца яшчэ і прыгожымі меладычнымі малюнкамі. Сапраўды “расцягвае” целы гучанне незвычайнага клавішнага інструмента на ручным мяху (як высветлілася потым, называецца ён індыйскі гармонік), які адмыслова для праекта набываўся ў Лондане. Вось толькі да Мінска даляцеў ён ужо ў іншым стане…

“Для яго давялося набываць асобны авіяквіток, але гэта яго не выратавала — з усмешкай распавядае ўладар “чароўнай каробачкі” Антон Юрчанка. — Хоць на ім была вялізная налепка “Fragile”, яго ўсё роўна зламалі. Давялося ў Мінску аднаўляць, можна лічыць, што цяпер ён made in Belarus, карацей нармальнае імпартазамяшчэнне. Унутры ён драўляны, з металічных частак — толькі галасы, якія таксама тут дапамог зрабіць адзін майстар”.


Увогуле, гучанне Soulkitchen вельмі нагадвае Pink Floyd, часам нават губляешся, маўляў, чаму я не чуў гэтую песню раней, ці што гэта “Флойды” спяваюць не па-англійску?

Дарэчы, “Еўрарадыё” выхапіла Кацю Пытлеву, каб даведацца пра яшчэ адзін яе музычны праект, гурт “Клёндайк”, які знаходзіцца ў “падвешаным” стане ўжо некалькі гадоў.

“Я б сказала, што зараз Soulkitchen — адзінае, што мяне цікавіць, — каментуя Каця Пытлева збіраючы свечкі ды пахошчы з імправізаванай сцэны. — Клёндайк” існуе ў маёй асобе ды гітарыста Ігара Норыка, з якім мы працягнем вазіць па гарадах акустычную праграму з вершамі з маёй кнігі ды новымі вершамі. У такім выглядзе ён пакуль і будзе існаваць. Адзінае, мне б хацелася запісаць новыя песні, але таксама ў акустыцы”.

Усе разыходзяцца пасля выступу залагоджанымі, з “заспанымі” вачамі, а музыкі гурта збіраюцца ў “грымёрцы” і абмяркоўваюць лажы, якія акрамя іх саміх ніхто і не заўважыў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі