Каля Горацкай калоніі затрымалі ўдзельнікаў пікета (фотарэпартаж)

19.50 Кіроўцу штрафуюць нібыта за парушэнне правілаў паркоўкі.

19.41. Судзіць удзельнікаў пікету ў падтрымку лідара “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча будуць 3 жніўня а 9-й гадзіне. Нагадаем, пратэстоўцы стаялі ланцугом ля калоніі ў Горках і трымалі расцяжку. Разам з удзельнікамі акцыі затрымалі кіроўцу, але яго адпусцілі без складання пратаколу.

17.45 Актывістам заявілі, што пратрымаюць іх прынамсі да 19.15 — тры гадзіны пасля затрымання.

16.40 Затрыманых ля Горацкай калоніі трымаюць у аўтазаку бліз будынка мясцовай міліцыі. Толькі што ім прынеслі вады ў пластыкоўках.


Іван Шыла вядзе з аўтазака анлайн у сваім "Твітары".

15.30 У аўтазак завялі каля 20 маладых людзей, якія трымалі расцяжку з надпісам "Спыніце пераслед!" і партрэты Змітра Дашкевіча. Сярод затрыманых — Наста Палажанка. Стала вядома, што сярод затрыманых Зміцер Шурхай, Яўген Скрабец, Мікола Дземідзенка, Іван Шыла ды іншыя. Затрыманне праводзілі горацкія міліцыянты.

Нагадаем, каля 30 чалавек прыехалі да Горацкай калоніі. Яны патрабавалі, каб палітвязню Змітру Дашкевічу далі магчымасць сустрэцца з адвакатам. Кіраўніцтва калоніі заяўляе, што не пусціць адваката, пакуль не будзе адпаведнай заявы ад самога Дашкевіча.

15:12 Каля Горацкай калоніі з'явіўся пікет, міліцыянты разганяюць яго

 

Грамадскія актывісты трымаюць расцяжку з надпісам "Спыніце пераслед!" і партрэты Нагадаем, каля 30 чалавек прыехалі да Горацкай калоніі. Яны патрабуюць, каб палітвязню Змітру Дашкевічу далі магчымасць сустрэцца з адвакатам. Кіраўніцтва калоніі заяўляе, што не пусціць адваката, пакуль не будзе адпаведнай заявы ад самога Дашкевіча.

Міліцэйская машына ад уваходу ў калонію з'ехала. У актывістаў пяцёра міліцыянтаў у форме і ў цывільным спрабуюць адабраць расцяжку. Моладзь з расцяжкай села на зямлю. Міліцыянты спрабуюць сцягнуць іх з дарогі. У іх ліку нявеста Дашкевіча Наста Палажанка. Двух хлопцаў валакуць у будынак папраўчай калоніі. Удзельнікі скандуюць "Ганьба!" і спрабуюць адбіць затрыманых.

Жанчынам-удзельніцам удалося адбіць хлопцаў. Здабыткам міліцыянтаў стала толькі расцяжка "Спыніце пераслед!"

З месца падзеяў Віталь Ругайн: 110802 Rugain_3_site.mp3

14:33 Адваката не пускаюць да Змітра Дашкевіча

Каля Горацкай калоніі знаходзіцца каля 30 грамадскіх актывістаў. Яны патрабуюць, каб да Дашкевіча пусцілі адваката.

Тым не менш Анатоль Мялек, новы адвакат палітвязня, пакуль так і не змог сустрэцца са сваім падабаронным. Начальнік калоніі заявіў: павінна быць заява самога Дашкевіча, што ён хоча сустрэцца з адвакатам. Пакуль жа палітвязня, паводле некаторых звестак, трымаюць у штрафным ізалятары калоніі.

Падтрымаць Дашкевіча сабраліся не толькі маладафронтаўцы, але і іншыя вядомыя асобы. Сярод іх маці Змітра Завадскага.

Удзельнікі акцыі зладзілі супольную малітву пад мурамі калоніі. Яны збіраюцца ісці групамі па некалькі чалавек на прыём да начальніка калоніі і патрабаваць сустрэчы Дашкевіча з адвакатамі. Пакуль такога дазволу не будзе, актывісты намераныя заставацца каля калоніі, расказвае Віталь Ругайн: 110802 Rugain_2_site.mp3

13:02 Да Горацкай калоніі прыехалі маладафронтаўцы і палітыкі

Яны патрабуюць, каб Змітру Дашкевічу далі магчымасць сустрэцца з адвакатам.

Сярод прысутных — Анатоль Лябедзька і Уладзімір Някляеў. На пад'ездах да калоніі расстаўленыя пасты ДАІ. Яны спыняюць аўтамабілі і перапісваюць нумары. Начальнік калоніі праз КПП перадаў, што ў яго непрыёмны дзень. Ці будзе ён кагосьці прымаць, вырашыць пасля 14 гадзінаў.

Перадае карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн: 110802 Rugain_site.mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі