Кампанія, якая дапамагае Любові Кавалёвай, працуе таксама з FEMEN
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў каардынатар кампаніі па правах чалавека сhange.org Дзмітрый Савелаў.
Па яго словах, супраца з Любоўю Кавалёвай, маці асуджанага да смерці Уладзіслава, не адзіны кірунак працы. На рахунку сhange.org ужо некалькі паспяховых кампаніяў.
Дзмітрый Савелаў: “Сhange.org працуе на глабальным узроўні, у нас была вельмі паспяховая кампанія па вызваленні кітайскага мастака і актывіста Ай Вэйвэя (Ai Weiwei). Зараз праводзяцца экалагічныя кампаніі, кампаніі па эканамічнай справядлівасці, пачынаем новую кампанію ва Украіне. Працуем з актывісткамі арганізацыі FEMEN, якія хочуць распачаць дзве кампаніі. Адна з іх, дарэчы, датычыць інцыдэнту ў Беларусі, другая — нерэгістрацыі ва Украіне”.
Нагадаем, Любоў Кавалёва сустрэлася з прадстаўнікамі падкамітэту па правах чалавека ў Еўрапарламенце а таксама з кабінетам новага віцэ-прэзідэнта Еўрапарламента Яцэка Пратасевіча. Мэтай сустрэчы было паінфармаваць еўрадэпутатаў пра сітуацыю з яе сынам і Дзмітрыем Канавалавым, а таксама прэзентацыя міжнароднай кампаніі за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, распачатую сумесна з сhange.org. Любоў Кавалёва спадзяецца на падтрымку еўрадэпутатаў і высокіх еўрачыноўнікаў і на іх подпісы пад петыцыяй.
У далейшых планах Любові Кавалёвай і Дзмітрыя Савелава ў Брусэлі — сустрэча з прадстаўнікамі Еўрапейскай службы па знешнепалітычнай дзейнасці ЕС.