Літва зноў выказала пратэст у сувязі з праектам беларускай АЭС
Міністэрства замежных спраў Літвы 14 сакавіка ўручыла амбасадару Беларусі ў Літве Ўладзіміру Дражыну ноту, што датычыцца праекта АЭС у Астраўцы.
У ноце сцвярджаецца, што працэс ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекту Беларускай АЭС яшчэ не завершаны. Літва яшчэ раз паўтарыла,што не ўхваляе план будаўніцтва АЭС у 50 км ад Вільні, паведамляе Delfi.
"Беларусь не завяршыла працу па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе планаванага праекта будаўніцтва АЭС у адпаведнасці з агульнапрынятымі міжнароднымі прававымі нормамі, не арганізавала грамадскія слуханні ў Літве і двухбаковыя кансультацыі, як гэтага патрабуе міжнародная Канвенцыя Эспоо", — гаворыцца ў ноце.
"Паўторна просім Рэспубліку Беларусь кіравацца міжнароднымі канвенцыямі і адказаць на ўсе пытанні Літвы аб праекце Беларускай АЭС, арганізаваць у Літве неабходныя грамадскія слуханні і двухбаковыя кансультацыі", — сцвярджаецца ў дакуменце.