Міжнародныя эксперты падрыхтавалі заключэнне па падзеях 19 снежня

27 красавіка пачынаецца працэс над Андрэем Саннікавым, адным з трох экс-кандыдатаў, якіх вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. На гэтым фоне вельмі чаканымі становяцца высновы міжнароднай групы экспертаў, якія павінны адказаць, ці можна лічыць дзеянні людзей на плошчы 19 снежня масавымі беспарадкамі.

У інтэрв’ю Еўрарадыё Андрэй Юраў, старшыня Камітэта Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, паведаміў, што папярэднія высновы аўтарытэтнай экспертнай групы чакаюцца літаральна на днях. І адказаў на іншыя пытанні аб дзейнасці Камітэта.

Андрэй Юраў: "Прамежкавы даклад Ніла Джармана (кіраўнік брытанскага Інстытута па вывучэнні канфліктаў), прызначанага Спецдакладчыкам па расследаванні падзеяў у Беларусі пасля акцыі 19 снежня 2010 года, з'явіцца на гэтым тыдні ці пачатку наступнага. Даклад будзе складацца з некалькі этапаў, гэта будзе яго першая частка.

І яна важная тым, што павінна адказаць на самае галоўнае пытанне: ці былі масавыя беспарадкі і папярэдняя змова, ці можа гэта быў мірны сход з асобнымі хуліганскімі дзеяннямі. Менавіта вакол гэтага пытання ідуць судовыя паседжанні, будуюцца палітычныя спекуляцыі і гэтак далей. І на яго мусяць адказаць дасведчаныя юрысты і прававеды.

Спецдакладчык рыхтуе асноўную частку даклада, працоўная група (група экспертаў з краін АБСЕ па праблематыцы свабоды сходаў і паліцэйскім рэагаванні пад кіраўніцтвам Майкла Гамільтана, прафесара Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта) дапамагае яму збіраць матэрыялы, даваць больш збалансаваную ўзважаную ацэнку. Спецдакладчык працуе адасоблена, і Місія ў яго працу не ўмешваецца, можа толькі падаваць адпаведную інфармацыю і адказваць на пытанні. Я не маю ніякага ўплыву на Спецдакладчыка, з'яўляюся для яго такой самай крыніцай, як і ўсе астатнія".

Еўрарадыё: Наколькі высновы міжнародных экспертаў паўплываюць на пазіцыю беларускіх судоў і беларускіх уладаў?

Андрэй Юраў: "Мне здаецца, што само экспертнае заключэнне паўплывае мала, але гэта і не задача Спецдакладчыка. Пытанне, наколькі ўдасца зрабіць заключэнне рэзанансным, уплывовым у розных еўрапейскіх сталіцах. І наколькі публічнымі і вядомымі стануць заключэнні, залежыць ад нашых партнёраў, у тым ліку СМІ".

Еўрарадыё: Апрача Спецдакладчыка, якія іншыя накірункі дзейнасці Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі? Колькі недзяржаўных арганізацый уваходзяць у Камітэт і колькі людзей працуюць у гэтай сферы?

Андрэй Юраў: "Камітэт утвараюць больш за 40 арганізацый прыблізна з 15 краін – Расіі, Украіны, Нямеччыны, Швецыі і іншых. Частка з іх – вялікія міжнародныя арганізацыі і сеткі, напрыклад, Міжнародная грамадзянскай ініцыятыва для АБСЕ. У дзейнасці па Беларусі працуюць не менш за 100 чалавек, і іх кола ўвесь час пашыраецца. Сам Камітэт быў створаны 27 снежня бестэрмінова. Гэта значыць, што кааліцыя арганізацый будзе працаваць да таго часу, пакуль сітуацыя з правамі чалавека ў краіне істотна не палепшыцца.

У межах Камітэта існуюць, сярод іншага, спецыяльная камісія па адкрытым уездзе, Назіральніцкая місія, Група па інвестыцыях".

Еўрарадыё: Група па інвестыцыях – чым яна займаецца і наколькі паспяхова?

Андрэй Юраў: "Група мяркуе працаваць як з прыватнымі інвестарамі, так і вялікімі банкамі – Сусветным банкам, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Хачу падкрэсліць, што мы не супраць інвестыцый, але на пэўных умовах. Ніводны інвестар не хоча ўкладаць свае грошы ў краіну, дзе няма вяршэнства права, незалежнага правасуддзя і не шануюцца базавыя правы чалавека. І пераканаць іх у тым, што гэтыя ўмовы абавязковыя для паспяховага інвеставання, не так складана.

Ужо ёсць папярэднія дамоўленасці, што шэраг вялікіх інвестыцый будзе праходзіць пад грамадзянскім кантролем нашых экспертаў, а можа і экспертаў беларускай грамадзянскай супольнасці".Юраў: Ужо ёсць папярэднія дамоўленасці, што шэраг вялікіх інвестыцый будзе праходзіць пад грамадзянскім кантролем нашых экспертаў
Еўрарадыё: З Беларусі дэпартавалі ўжо чатырох міжнародных праваабаронцаў Камітэта (грамадзянаў Расіі і Ўкраіны), у тым ліку і Вас. Як кампанія “За адкрыты ўезд у Беларусь” можа змяніць гэтую сітуацыю?

Андрэй Юраў: "Нам як праваабаронцам не падабаецца, што працэдура не ясная і непразрыстая. Людзі становяцца ў нейкім ідыёцкім становішчы. Асобны грамадзянін Расіі альбо Украіны мае права загадзя ведаць, што яго чакае на мяжы, а не даведвацца ноччу ў цягніку ці аэрапорце.

Мы дамагаемся галоснасці, адкрытасці, каб чорныя спісы былі даступныя, напрыклад, на сайтах амбасадаў, і каб існавала празрыстая працэдура абскарджвання. Мы скіроўваем запыты ў міністэрствы замежных спраў Расіі і Украіны, каб яны ціснулі на МЗС Беларусі. Апрача таго, ёсць і іншыя формы працы, напрыклад, кансультацыі з урадавымі органамі, прававыя дзеянні з адвакатамі.

Еўрарадыё: Цы чыняць беларускія ўлады перашкоды дзейнасці Камітэта і наколькі сур'ёзныя?

Андрэй Юраў: Да майго выдварэння я заяўляў, што беларускі ўлады не чыняць ніякіх перашкодаў дзейнасці Камітэта. Але пасля такіх выпадкаў падобнага казаць не магу. Гэта сур'ёзная перашкода, і больш за тое, гэта парушэнне Беларуссю сваіх міжнародных абавязкаў. І калі яны кажуць, што ўсе абавязкі выконваюцца, то гэта няпраўда і хлусня.

Камітэт не ўмешваўся і не ўмешваецца ў палітыку і не працуе з апазіцыяй, але займаецца назіраннем за выкананнем Беларуссю міжнародных пагадненняў у сферы правоў чалавека. Пагадненні ў межах АБСЕ акурат кажуць, што правы чалавека маюць наднацыянальны інтарэс і перашкаджаць дзейнасці праваабаронцаў нельга. Таму такія дэпартацыі – простыя парушэнні міжнародных пагадненняў, у тым ліку ў святле Маскоўскага механізма АБСЕ".

У дадатках: Пастанова аб прыцягненні Дзімтрыя Уса ў якасці абвінавачанага ў арганізацыі масавых беспарадках; скарга Дзмітрыя Уса ў Пракуратуру аб спыненні крымінальнай справы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі