Мінскі блогер выдаў кнігу без ніводнай друкаванай літары (фота)

 

Пра тое, што такая кніга будзе, Глеб Лабадзенка абвясціў у эфіры Еўрарадыё яшчэ вясной мінулага года. Усё пачалося з таго, што Глеб вывесіў у сваім блогу labadzenka.by некалькі малюнкаў, дзе тлумачыў некаторыя моўныя тонкасці: розніцу між “сабе” і “сябе”, “гаспадаркай” і “гаспадыняй”, “цяпер” і “зараз”.

Фота: labadzenka.by

Глеб Лабадзенка: “Потым чытачы блогу сталі дасылаць свае “замовы” на той ці гэты сюжэт. А паколькі малюю я, як трохгадовае дзіця, то адразу нарадзілася і назва будучай кнігі “дзіцячая заМова”. Каб неяк акрэсліць межы праекта, я вырашыў намаляваць 100 малюнкаў”.

Фота: labadzenka.by

Але на справе малюнкаў выйшла 112, хоць на блогу было выкладзена толькі 100. Лабадзенка вырашыў, што нармальныя беларусы не будуць купляць кнігу, калі ўжо бачылі гэта ўсё ў інтэрнэце.

Глеб Лабадзенка: “Па-першае, гэты тузін малюнкаў яны абсалютна новыя, ніхто не бачыў. Па-другое, кніжку вычытвалі два найаўтарытэтнейшыя для мяне чалавекі што да беларускай мовы філолаг Юрась Бушлякоў і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Кніжка адмыслова зробленая “школьным” правапісам, каб яна была ўжывальная ў школе ці ўніверсітэце”.

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Што праўда, адну памылку адмыслоўцы ў кнізе ўсё ж знайшлі. Слова “наждачная” ў версіі Лабадзенкі напісана як “нождачная”.

Глеб Лабадзенка: “Ну скажыце, хто б мог падумаць, а? Я, памятаю, у школе калі вучыў рускую мову, дык казалі да ўсіх словаў падбіраць праверачныя. Я і падабраў: “нож”! Высветлілася, што “наждак” гэта мінерал такі! Але праблема вырашылася: я проста ўзяў асадку і ў гатовых асобніках дамаляваў патрэбную палачку. А там, дзе не паспеў, дык кожны можа сам сабе дамаляваць!”

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Кніжка ўнікальная ў паліграфічным плане. У ёй няма ніводнай друкаванай літары — усё зроблена ад рукі: самі малюнкі, прадмова, слоўнік, змест, выходныя звесткі. Выдадзена кніга як нататнік на спружыне, на грубай дызайнерскай паперы, вокладка выкананая з 2-міліметровага кардону. Апроч гэтага, кніга збіраецца і сшываецца ўручную.

Глеб Лабадзенка: “Кожны, хто бачыць, дзівіцца: няўжо ён сядзеў і кожны асобнік ад рукі маляваў?! Найвялікшы камплімент я атрымаў ад мастака Тодара Кашкурэвіча, калі ён паглядзеў і спытаўся: “Што, рэальна ад рукі намалявана?” Гэта мастак запытаўся! Такое ж пытанне мне задала і сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна, якая атрымала кніжку поштаю”.

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Выйшла кніга ў новым мінскім выдавецтве “Паперус” Алеся Квіткевіча, стваральніка інтэрнэт-крамы prastora.by. Паводле Глебе Лабадзенкі, яшчэ да выхаду кнігі праз блог labadzenka.by людзі замовілі 720 кніг. Агульны ж наклад складзе 2000 асобнікаў, з якіх ужо аддрукавана палова. Імправізаваная аўтограф-сесія адбудзецца 23 студзеня ў “Кніжным салоне” (Калініна, 5) ад 16.00 да 19.00. Здабыць кнігу можна будзе або там, або напісаўшы аўтару на [email protected]

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі