“Мы галодныя, а нам кажуць, што мы добра жывем і ўсім задаволеныя" (ФОТА)

111008 Sverdlov Shod.mp3

8 кастрычніка ў буйных гарадах Беларусі прайшоў Народны сход. Мерапрыемства не атрымалася масавым: часам на месцы правядзення сходу было больш міліцыі, чым звычайных людзей. На думку аднаго з удзельнікаў акцыі, менавіта міліцыя, а не дождж, і не недахоп інфармацыі, і адштурхнула людзей ад Народнага сходу:

 

"Людзі баяцца, што іх аштрафуюць, выганяць з працы, ці яшчэ што-небудзь... Я ехаў сюды з адным чалавекам — у яго 45 гектараў зямлі. Дык ён так і кажа: "Калі хто-небудзь даведаецца, што я быў на гэтым сходзе — мне не пашанцуе!"

 

"Людзі баяцца. Бо ўчора [7 кастрычніка. — Заўв. Еўрарадыё] па тэлевізары сказалі, што калі чалавек нават не будзе ўдзельнічаць у гэтым сходзе, але будзе папросту тут бадзяцца — атрымае штраф", — падтрымлівае папярэдняга суразмоўцу Еўрарадыё пенсіянерка, якая стаіць побач.

Удзельнікі акцыі вылучылі шэраг патрабаванняў, якія запісалі ў агульнай рэзалюцыі. Людзі патрабуюць ад ураду спыніць рост коштаў, правесці індэксацыю заробкаў, спыніць практыку кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, стымуляваць гаспадарчую ініцыятыву і не замінаць прадпрымальнікам ствараць новыя працоўныя месцы.

"Мы галодныя, — працягвае суразмоўца Еўрарадыё. — Мы ў літаральным сэнсе галодныя. Мы кожны дзень ядзім аўсянку. Нам трэба плаціць за паслугі. Нам трэба побыт. Нам трэба мыцца... Пенсіянеры — галодныя! Мы не можам сабе нічога дазволіць. А нам распавядаюць, што мы добра жывем, і што мы ўсім задаволеныя".

Ёсць у рэзалюцыі і палітычныя патрабаванні. Гэта вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў і правядзенне свабодных выбараў. Адзін з арганізатараў Народнага сходу, палітык Віктар Івашкевіч лічыць, што ўлада наўрад ці адразу ж пойдзе на тое, каб прыняць і выканаць патрабаванні ўдзельнікаў акцыі.

Віктар Івашкевіч: "Людзям надакучыць жыць так, як яны зараз жывуць. А жыць яны будуць з кожным днём усё горш і горш. І вось калі ім надакучыць — можна будзе рэалізоўваць тую праграму, за якую сёння мы галасавалі".

Рэзалюцыю атрымалася прыняць не паўсюль. У Гомелі на свабодзе папросту не засталося ніводнага арганізатара з тэкстам дакумента. Затое ў Магілёве ў тэкст рэзалюцыі дадалі ўласныя патрабаванні, сярод якіх — бясплатны праезд для студэнтаў. Нягледзячы на затрыманні, прынялі рэзалюцыю і ў Бабруйску, і ў Брэсце. Але адзін з арганізатараў Народнага сходу, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч лічыць, што акцыя прайшла далёка не так добра, як хацелася б.

Генадзь Фядыніч: "Нам трэба яшчэ працаваць. Працаваць, каб заўтра прыйшло больш людзей. Нам не хапіла часу, не хапіла інфармацыі, і ўлады добра папрацавалі. А надвор'е... Я скажу так: калі будзе сапраўды цяжка, і не будзе ўжо ні чаркі, ні скваркі — ні дождж, ні снег не перашкодзіць! Бачна, не ўсё яшчэ мы даелі. Бачна, ёсць яшчэ запасы. Не ўсіх яшчэ гэтая сітуацыя дастала. Але я думаю, людзі мусяць разумець: не трэба чакаць таго часу, калі нічога не хопіць. Трэба прыходзіць. Трэба абмяркоўваць. І трэба ад уладаў патрабаваць!"

Дзіўным чынам акцыя прайшла ў Гродне. Каля 50 чалавек сабраліся на стадыёне, дзе ў той час праходзіў футбольны матч. Але ніхто з арганізатараў Народнага сходу да іх не прыйшоў. Не дачакаўшыся ні выступаў, ні рэзалюцыі, людзі разышліся.

Пазней высветлілася, што арганізатар Народнага сходу ў Гродне Юрый Істомін ад 11-й ранку знаходзіўся ў абласной пракуратуры. Галоўны пракурор вобласці Віктар Марозаў выклікаў яго, каб абмеркаваць законнасць акцыі. Пракурор і старшыня гродзенскага аддзялення АГП чыталі законы да 14:30. Пасля чаго Істоміна ўсё роўна папярэдзілі пра адказнасць за арганізацыю незаконнага мерапрыемства.

"Скажу, як праваабаронца: гэтая акцыя была выключна мірная і выключна законная, — дае ацэнку Народнаму сходу праваабаронца Уладзімір Лабковіч. — І тыя перашкоды, якія ажыццявілі ўлады ў дачыненні да Народнага сходу — гэта, безумоўна, парушэнне права на мірныя сабранні".

На жаль, і 8 кастрычніка ўлады не пажадалі ўстрымацца ад затрыманняў. Арганізатараў Народнага сходу хапалі прэвентыўна, удзельнікаў затрымлівалі падчас і пасля акцыі. Журналіста Кастуся Шыталя абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Аршанцаў Міная Карніенку і Мікалая Дзямідава падазраюць у валоданні незарэгістраванай зброяй. Аўтамабіль гомельскіх арганізатараў акцыі спынілі праз тое, што ён быццам бы скрадзены. Віктара Калесніка з Наваполацка тэрмінова павезлі зняць адбіткі пальцаў.

"І я гатовы сесці на гэтыя 15-20 сутак, — працягвае Генадзь Фядыніч. — Але хіба сёння ад гэтага зменіцца сітуацыя? Народ — гэта не я, гэта вы ўсе, хто тут стаіць. І калі сёння праблема набыць лекі, праблема нармальна харчавацца, праблема плаціць за паслугі, дык куды ж мы сёння ідзем? І калі ўлада не ідзе на дыялог з народам, гэтая ўлада бесперспектыўная!"

Але пакуль улада ўяўляе сабе дыялог з удзельнікамі Народнага сходу вельмі своеасабліва. Да іх чапляюцца на падставе абкрадання вясковай кабеты, валодання наркотыкамі, проста хапаюць на аўтобусных прыпынках... Правядзенню народнага сходу перашкаджала міліцыя 22 гарадоў Беларусі. Цікава, што ў гэты час рабілі сапраўдныя выкрадальнікі, злодзеі і ўласнікі наркотыкаў і нелегальнай зброі...

 

 

 

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі