На “Калядах у вялікім горадзе” Казу частавалі каньяком ды грошамі

130108_malina_kaliady.mp3

“Го-го-го, Каза! Го-го-го шэра! Дзе Каза ходзіць там жыта родзіць!” — канцэрт “Каляды ў вялікім горадзе” пачынаецца праходам калядоўшчыкаў праз увесь мінскі клуб Loft. Далей — усё па адпрацаваным стагоддзямі сцэнарыі: мядзведзь, бусел, каза танчаць што маюць моцы, але апошняя стамляецца і падае. Людзі нясуць казе ласункі, мандарыны, каньяк ды грашовыя купюры з выявамі Палаца Спорту, а потым і Нясвіжа.

“Гэта не рэканструкцыя цяпер адбывалася, гэта яны натуральна спяваюць пратрансліраваныя песні, — каментуе калядаванне ды выступ гурта Guda ідэйны натхняльнік імпрэзы Алег Хаменка. — Гэта ўжо натуральны выступ, яны так хацелі спяваць, таму і выглядаюць натуральна і ў наш час. Я ад іх таксама вучуся варыянтам калядавання з казой, яны мне падказваюць, бо яны этнаграфічна дасведчаныя”.

Алег Хаменка выконвае ролю гаспадара, вядучага канцэрту ды, безумоўна, ад ролі выкладчыка не адмаўляецца. Паміж выступамі Guda ды Dzivasil Алег разыгрывае тры камплекты дыскаў з апошніх выданняў гурта “Палац”. Але пытанні музыка для “непадкаваных” у калядных пытаннях людзей задае звышскладаныя, бо дыскі, з усмешкай прызнаецца гаспадар, яму самому патрэбныя.

“Ніхто не забараняе мабільны інтэрнэт, — падказвае музыка і распавядае гісторыю. — У Беларусі калядную зорку прасілі насіць святара. Але ў Давід-Гарадку святар упёрся і сказаў, што пакуль Казу не заменяць на каго-небудзь іншага, хадзіць з калядоўшчыкамі не будзе. І да гэтага часу ў Давід-Гарадку ходзяць калядоўшчыкі, які вядзе хто?”


“Конік”, — чуваць адзіны выкрык з-пад сцэны, і дзяўчына атрымлівае свае прызы. Не атрмліваецца ў Хаменкі захаваць свае дыскі, бо і адказ на “Хрыстос нарадзіўся!” (Славім яго) і год і месца, калі хрысціянамі было вырашана святкаваць Ражджаство разам з Калядамі (Першы Нікейскі сабор, 325 год) няхай і не без складанасцяў, але называюць.

Закрывае імпрэзу сам Алег Хаменка з гуртом “Палац”. Музыкам відавочна бракуе месца на сцэне клуба, яны так шчыльна стаяць, што баяцца паварушыцца. Гітарыст гурта Сяргей Трухановіч смяецца, што зачапіўся струной за DJ Ray Хвісевіча ды выцягнуў з яго даўгую нітку. “Палац” выконвае ўсе свае хіты і грае больш за гадзіну, але публіцы гэтага мала: не дапамагае, нават, харавое выкананне на біс “Заенькі”.

“Больш павінна было быць маскіраваных людзей, — дзеліцца ўражаннямі ад імпрэзы Алег Хаменка. — Відаць, трэба рабіць пераапранальню для тых, хто прыходзіць на мерапрыемства, каб стаялі людзі, якія будуць дапамагаць упрыгожвацца наведвальнікам. Але не паспелі арганізаваць. Трэба людзей прывучаць да маскіраваных святкаванняў, як прывучыў фестываль “Камяніца”, але тут мусяць далучыцца ўсе арганізатары Калядных канцэртаў. А так, мне вельмі ўсё спадабалася, ва ўсялякім выпадку, са сцэны ўсё было выдатна!”.


Святочны вечар скончыўся бліжэй да 24-й гадзіны гукамі дуды ды народнымі танцамі, якія і стамілі недакалядаваўшых наведвальнікаў.

Фота:budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі