Акцыя салідарнасці з палітвязнямі (фота, відэа)
У Мінску прайшла акцыя з палітзняволенымі. У ёй адкрыта ўдзельнічала блізу 10 чалавек. Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Аляксандр Валанцэвіч затрыманы.
19:30, МІНСК. Удзельнікі акцыі разыйшліся. У наваколлях Кастрычніцкай плошчы затрыманняў бачна не было. Можна сцвярджаць, што Акцыя салідарнасці з палітвязнямі 21 кастрычніка доўжылася паўгадзіны, а цяпер скончаная.
19:27, МІНСК. Акцыя працягваецца на ўваходзе ў станцыю метро "Кастрычніцкая". Там з'явіліся маці і цешча Андрэя Саннікава, яны размаўляюць з журналістамі. Сярод прысутных таксама была заўважаная Алена Ліхавід, маці былога палітвязня Мікіты Ліхавіда.
19:24, МІНСК. Імя чалавека, затрыманага з мегафонам на Кастрычніцкай плошчы — Аляксандр Валанцэвіч. Ён актывіст "Еўрапейскай Беларусі".
19:21, МІНСК. На Кастрычніцкай плошчы засталіся тры жанчыны сталага веку, якія з вялікім задавальненнем размаўляюць з замежнымі журналістамі пра жыццё ў Беларусі.
19:20, МІНСК. Удзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца з Кастрычніцкай плошчы, журналісты суправаджаюць іх. Сярод прысутных на плошчы карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі заўважыў былога вязня па "Справе 19 снежня" Васіль Парфянкоў. Актыўнага ўдзелу ў акцыі былы вязень не прымаў.
19:18, МІНСК. Удзельнікі акцыі размаўляюць з журналістамі, прамаўляюць на камеры.
19:16, МІНСК. Да першых удзельніц акцыі салідарнасці далучылася некалькі маладых людзей і дзяўчына. Цяпер у акцыі адкрыта ўдзельнічаюць блізу 10 чалавек. Але меркаваць пра дакладную колькасць тых, хто гэтым вечарам падтрымлівае палітвязняў, складана, бо іх ніяк не адрозніць ад мінакоў.
19:14, МІНСК. Журналісты ўзялі ўдзельніц акцыі ў кола, і тыя пачалі звяртацца да іх. Да жанчын сталага веку спрабавалі прабіцца супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, але праз натоўп журналістаў гэта ў іх не атрымалася.
19:12, МІНСК. На Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры ўвагі тры жанчыны сталага веку. Яны, не разгортваючы ніякіх партрэтаў, размаўляюць паміж сабой пра тое, што ім не падабаецца ў жыцці краіны. пераважна яны незадаволеныя палітычным ладам у Беларусі.
19:10, МІНСК. На Кастрычніцкай плошчы з'явіліся іншыя ўдзельнікі акцыі. Мужчына з мегафонам крычаў "Свабоду Саннікаву!" і "Выпусціце людзей!", аднак да яго вельмі хутка падбеглі людзі ў цывільным. Мужчыну скруцілі і ўцягнулі ў мікрааўтобус, што стаіць паміж ГУМам і Палацам Рэспублікі.
19:08, МІНСК. Да жанчыны падыйшоў асабіста намеснік начальніка ГУУС Ігар Яўсееў. Са словамі "У вас ужо былі праблемы ў міліцыі" ён перашкодзіў ёй разгарнуць партрэт.
19:05, МІНСК. На плошчы з'явілісяўдзельнікі акцыі. Першай жанчына сталага веку паспрабавала разгарнуць партрэт некага з вязняў.
19:00, МІНСК. "На Кастрычніцкай плошчы сабралося прыкладна 40 беларускіх і замежных журналістаў, — перадае карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі. — Яны стаяць на рагу плошчы, ля ўвахода ў станцыю метро "Кастрычніцкая" Плошчу кантралююць міліцыянты ў форме і супрацоўнікі ў штацкім.
18:50, МІНСК. Стала вядома пра тое, што Фёдар Мірзаянаў адпушчаны з міліцыі.
21 кастрычніка ў 19:00 на Кастрычніцкай плошчы мусіць прайсці акцыя з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах па "Справе 19 снежня" і "Справе анархістаў", а таксама праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары. З заклікам правесці акцыі па ўсёй краіне выступіла грамадзянская кампанія "Еўрапейская Беларусь".
21 кастрычніка ў міліцыі пабывалі і застаюцца Ігар Кудлаеў, Андрэй Моўчан, Максім Вінярскі, Фёдар Мірзаянаў. Генпракуратура папярэдзіла Сяргея Казакова.
21 кастрычніка каля 10:00 міліцыя затрымала 15-гадовага актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Ігара Кудлаева. Хлопца даставілі ў Завадскі РАУС Мінска, яму далі патэлефанаваць бацькам. Па інфармацыі СМІ, ён дагэтуль застаецца ў аддзяленні міліцыі.
Прыкладна ў 10:30-11:00 былі затрыманыя Фёдар Мірзаянаў і Максім Вінярскі. У 17:30 актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Фёдар Мірзаянаў па-ранейшаму заставаўся ў міліцыі.