Някляеву, Рымашэўскаму, Фядуту, Вазняку змякчылі абвінавачанне

Уладзіміру Някляеву, Аляксандру Фядуту, Сяргею Вазняку, Андрэю Дзмітрыеву, Віталю Рымашэўскаму і Насце Палажанцы сёння выставілі абвінавачванне па арт. 342 КК — "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх". Гаворка пра арганізацыю "масавых беспарадкаў" ужо не ідзе.

Сапраўды, даказаць віну, напрыклад, Уладзіміра Някляева ў падбухторванні да біцця шкла і дзвярэй Дома ўрада досыць складана, бо ён з вядомых прычынаў нават не быў у той дзень на плошчы Незалежнасці.

У новай фармулёўцы "доказная база" следства заўважна пашыраецца, бо гаворка ідзе ўжо не пра "аказанне ўзброенага супраціву", а пра прыцягненне грамадзянаў да ўдзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах. Тут і некаторыя перадвыбарныя мітынгі можна ўзгадаць. Ёсць і больш актуальныя нюансы — скажам, стварэнне "штучнай нагоды" для ўвядзення эканамічных і палітычных санкцый.

Без сумневу, з такім спектрам абвінавачванняў судовыя працэсы па справах гэтых фігурантаў могуць выглядаць для ўладаў больш выйгрышна, чым тыя, што ўжо прайшлі, і на якіх, на думку праваабаронцаў, сам факт "масавых беспарадкаў" так і не быў устаноўлены.

А так у судзе могуць прагучаць і такія "доказы" віны, як дэфіцыт валюты ў абменніках, "чорны спіс" неўязных чыноўнікаў і санкцыі супраць "Белнафтахіма".

Праваабаронца Алесь Бяляцкі ў эфіры Еўрарадыё так пракаментаваў відавочныя і схаваныя матывы "змякчэння" абвінавачання для часткі фігурантаў па справе "19 снежня".

"Па-першае, у следства паўсталі цяжкасці ў вызначэнні віны гэтых асобаў ва ўдзеле і ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Па-другое, мог быць улічаны нарастаючы міжнародны ціск, а таксама рэакцыя некаторай часткі беларускага грамадства на тое, што адбываецца з апанентамі Лукашэнкі.

Напэўна, у такога рашэння ёсць і нейкія іншыя матывы, пра якія зараз складана меркаваць. Наогул дзеянні ўладаў па справе аб "масавых беспарадках" выглядаюць як даволі заблытаныя і не да канца зразумелыя.

У любым выпадку, не будзем забывацца, што ў спісе абвінавачаных па справе, звязанай з падзеямі 19 снежня, — некалькі дзясяткаў чалавек. Умоўнае змякчэнне фармулёўкі абвінавачванні для шасці з іх нічога ў корані не змяняе. Пагатоў, і артыкул 342 прадугледжвае даволі суровае абмежаванне або пазбаўленне волі.

І гэта будзе, безумоўна, параза ў правах і палітычныя рэпрэсіі — менавіта пад такім вуглом мы і павінны разглядаць усе прысуды па гэтай справе".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі