Падаткавікі спрабуюць канфіскаваць маёмасць правабаронцаў
Дапамога Еўракамісіі не абкладаецца ў Беларусі падаткамі і мытамі. Аднак падаткавікі спрабуюць спагнаць з еўрадапамогі БХК 205 млн. рублёў.
Пра гэта распавёў Еўрарадыё старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэту (БХК) Алег Гулак, пасля таго, як у офіс арганізацыі чарговы раз прыйшла дэлегацыя падаткавікоў.
Гулак: “Гэта падаткавая інспекцыя працягвае даўнюю цяганіну, справе больш за 5 год. На нашай арганізацыі ляжыць абавязак сплаціць 205 мільёнаў, ужо можа больш, бо там пеня набягае, за тое, што мы працавалі па праектах Еўракамісіі і ў адпаведнасці з міжнароднымі пагадненямі, якія нашая краіна ўсяла на сябе, гэтыя грошы не абкладаліся ніякімі падаткамі. Але Гаспадарчы суд напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, вырашыў наадварот. І цяпер на нас гэтая сума вісіць і перыядычна падатковая інспекцыя актывізуецца ў спробах яе спагнаць. Натуральна, у нас грошай няма, рахункі заблакаваныя. І зараз падатковая прыйшла для таго, каб апісаць маёмасць, якую можна канфіскаваць для пагашэння гэтай запазычанасці”.
Еўрарадыё: У сувязі з дэвальвацый гэтая сума паменшылася ці яе перавялі ў беларускія рублі?
Гулак: “Наша запазычанасць у беларускіх рублях. Таму жартам можна сказаць, што больш за 5 гадоў, пакуль гэта вісіць, мы зарабілі прыкладна 30 тысяч еўра, бо менавіта на гэтую суму зменшылася, калі лічыць у еўра, запазычынасць”.
Еўрарадыё: Як будзе развівацца гэта сітуацыя? Распрададуць маёмасць БХК ці зачыняць офіс?
Гулак: “Маёмасці ў нас сваёй няма. Тое, што ў нас ёсць – гэта арэндуецца. Таму забраць гэта у кошт запазычанасці немагчыма. Гэтае рашэнне суда і справа са спагнаннем, безумоўна, справа палітычная. Адназначна такім чынам ацэньваецца структурай Еўразвяза. Гэта праблема пастаянна падымаецца падчас перамоваў з беларускім бокам, на жаль, перамоваў, наколькі мне вядома, няма. Далей будзем бачыць”.
Еўрарадыё: Я так разумею, што ў іншых краінаў сплаты такой няма, толькі ў Беларусі такая сітуацыя?
Гулак: “У нас такой сітуацыі таксама быць не павінна. Да сённяшняга дня існуе гэта дамова беларускага Урада з Еўракамісіяй, пра тое, што дапамога Еўракамісіі не абкладаецца падаткамі і мытамі. Мы аспрэчвалі і аспрэчваем гэтае рашэнне суда. Варта адзначыць, што Дэпартамент фінансавых раследванняў, які ўзбуджаў крымінальную справу па гэтым факце, таксама прыйшоў да высновы, што службовыя асобы БХК не павінны былі плаціць гэтыя падаткі. На сённяшні момант існуе два супрацьлеглыя пацэсуальныя дакументы – гэта рашэнне суда і пастанова следчага. Яны супрацьлеглыя, але не адмененае не тое, ні другое. Гэта прававы нонсенс. На нажаль, пракуратура так не лічыць”.