Падчас візіту Пуціна ў аддзялленні банка на Маркса шукалі выбухоўку (фота)

Каля 11-й гадзіны у аддзяленні "Беларусбанка" па адрасе Карла Маркса, 8 супрацоўнікі заўважылі дыпламат. Як высвятлілася, яго забыў мужчына гадоў 50. Пра гэта Еўрарадыё распавялі відавочцы. Супрацоўнікі выклікалі міліцыю, якая ў сваю чаргу вырашыла звярнуцца па дапамогу сапёраў. З банка і бліжэйшых кавярняў усіх эвакуявалі.

Ужо ў 11.20 участак вуліцы быў цалкам ачэплены — міліцыянты і людзі ў цывільным не прапускалі пешаходаў і транспарт, а таксама вывелі з установаў, кавярняў і крамаў усіх супрацоўнікаў і наведвальнікаў.

Еўрарадыё ўдалося паразмаўляць з наведвальніцай банку, якая прысутнічала там у момант знаходжання дыпламата. Жанчына расказала, што яго пакінуў мужчына, які спачатку паставіў валізку ля касы, а пазней — ля сцяны, і сышоў.

Пасля абследавання дыпламата з дапамогай робата і сабакі, сапёры вынеслі яго з памяшкання і самі падарвалі ў мэтах бяспекі. У дыпламаце знайшліся дакументы і пашпарт гаспадара, а таксама кампакт-дыск і нейкія паперкі. Выбух іх, дарэчы, не пашкодзіў, бо дыпламат аказаўся з металічным корпусам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі