Пераздаць дзяржіспыт у БДУІР — 495 тысяч рублёў
У БДУ таксама думаюць над увядзеннем платы за прагулы і няздачы.
121116_martynovi4_studenty.mp3
У Барысаўскім політэхнічным каледжы адпрацоўка прапушчанай лабараторнай можа каштаваць да… 90 тысяч рублёў. Плата залежыць ад навуковай ступені выкладчыка, які тую лабараторную праводзіў.
“Пропускі заняткаў без паважлівай прычыны — іх адпрацоўка платна ці бясплатна, нідзе ў палажэннях не прапісана. Гэта ўнутранае палажэнне, якое робіцца загадам дырэктара каледжа”, — расказваюць Еўрарадыё ў Барысаўскім каледжы.
Адпрацоўка пропуску можа каштаваць тут ад 30 тысяч рублёў! Хопіць на абед у студэнцкай сталоўцы.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прапусціць “лабу” — 80 тысяч рублёў за дзве гадзіны. А пераздаць іспыт ці залік прафесару, доктару навук каштуе 21 тысячу рублёў.
“У нас ёсць платная адпрацоўка незаконна прапушчаных лабараторных работ. Гэта рэгламентуецца загадам рэктара ўніверсітэта аб “паўторнай, бягучай і выніковай атэстацыі”", — тлумачаць у БДУІРы.
Даражэй за ўсё — пераздаць дзяржаўны іспыт — 495 тысяч рублёў! Тут і стыпендыі можа не хапіць.
Фрагмент загада рэктара аб "паўторнай, бягучай і выніковай атэстацыі"
Студэнт БДУІРа Дзмітры аддае за прапушчаную “лабу” чвэрць стыпендыі. Не дамовіўся з выкладчыкам…
“Гэта было на другім курсе. Аддаў каля 50 тысяч. А стыпендыя тады была ў раёне 200 тысяч рублёў. Гэта ад выкладчыка залежыць. З кімсьці можна дамовіцца… У нас група 20 чалавек, цягам семестра знаходзіцца чалавек 5, якім даводзіцца плаціць”, — кажа Дзмітры.
Студэнтка Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Воля заплаціла за пропуск аднаго занятку 11 тысяч ды яшчэ за “лабу” — 10 тысяч.
“Я прапусціла англійскую мову нядаўна, дапрацоўка была 11 тысяч. Яшчэ “лабу” па фізіцы не здала з першага разу”, — кажа дзяўчына.
Апроч таго, Воля — платніца, аддае за год вучобы 16 мільёнаў рублёў. Чаму ж платнікі мусяць аддаваць грошы двойчы, пытаемся ў Міністэрстве адукацыі…
“У нас ёсць дакумент, паводле якога ўніверсітэты могуць аказваць такія платныя паслугі, як плата за пераздачы і пропускі. Але мы памеры не вызначаем, гэта вызначае ВНУ. А платнікі няхай здаюць з першага разу. Часам, пакуль чалавек не заплаціць за вучобу сам, яму лянота вучыцца”.
А вось у БДУ за прагулы і пераздачы пакуль не плацяць. Хаця і падумваюць увесці такія “паслугі” для студэнтаў.
“Думкі такія ёсць. Загадам рэктара гэта можна зрабіць. З аднаго боку — гэта карысна. Але ёсць і адваротныя моманты, ёсць розныя выкладчыкі — каб адмыслова не ставілі дрэнныя адзнакі”, — кажуць Еўрарадыё ва ўніверсітэце.
Фота: donland.ru