Пікет “Белай Русі”: “Выбарчая праграма? Гэта харошы чалавек!”
Еўрарадыё даведалася, хто і як агітуе за кандыдатаў ад прадзяржаўнай грамадскай арганізацыі.
“Праграма? Гэта Шаўцоў Дзмітрый Яўгенавіч. Ён галоўны урач 34-паліклінікі Савецкага раёна. Даўно працуе. Вельмі харошы чалавек. А праграма яго, у прынцыпе, звязаная з удасканаленнем аховы здароў’я”, — расказвае мне салідны вусаты мужчына ў новым гарнітуры, які прадстаўляецца выкладчыкам англійскай мовы 19-ай школы Андрэем Жураўскім.
Сустракаю яго ля пікета “Белай Русі”. Месца бойкае — ля самага выхаду з метро на станцыі “Плошча Якуба Коласа”. Пытаюся, ці не парушанае заканадаўства. Наколькі памятаю, ні на плошчы Якуба Коласа, ні ля выхадаў з метро пікеты ставіць нельга. Але мужчына пераконвае, што усё законна. Веру на слова — міліцыя пікет пад сцягам “Белай Русі” не чапае.
Ля двух стэндаў з партрэтамі кандыдата мітусяцца 5-6 настаўніц. Маладыя і не вельмі. Раздаюць лістоўкі з праграмай кандыдата Шаўцова.
А вось расказваць пра свайго кандыдата ў настаўнікаў атрымоўваецца не вельмі. Праграму раяць пачытаць на стэндзе, пра сям’ю падрабязнасцяў таксама не дапытацца. Ды што там дзеці і жонка. Мой суразмоўца не ведае нават, ці запісаны яго кандыдат у “Белую Русь”!
“Ну… Наколькі я разумею… Я вось такой інфармацыяй не валодаю. Я яго ведаю як спецыяліста. А ці член ён “Белай Русі”, то я гэтага не ведаю”.
Запісаны. Пра гэта мне расказваюць у гарадской арганізацыі “Белай Русі”. І пераконваюць, што пікеты працуюць вельмі паспяхова, прыцягваюць увагу мінчан. А агітуюць там выключна правераныя і падрыхтаваныя людзі.
“Давераныя асобы, сябры ініцыятыўных груп, самі кандыдаты”.
На пікеце мне расказваюць больш. Аказваецца, працуюць тут пазменна. Сёння —настаўнікі, заўтра — медыкі, паслязаўтра яшчэ нехта. Каго папросяць, той і будзе. “Белая Русь” — арганізацыя шматлюдная.
Настаўнік у гарнітуры пераконвае мяне, што пастаяць 3-4 гадзіны на пікеце пасля поўнага працоўнага дня для педагогаў — чыстая радасць. І харошаму кандыдату дапамога, і з людзьмі можна пагаварыць.
“Звяртаецца кандыдат у школу. Адміністрацыя звяртаецца да настаўнікаў — членаў “Белай Русі”. І мы вось тут. Чаму б з народам не пагаварыць і не сказаць, які гэта харошы чалавек? Так!”
Да словаў педагога стаўлюся з недаверам. Тым больш, што яго маладзенькія калегі вялікага імпэту не праяўляюць. Некаторыя увогуле трымаюцца ад пікета падалей, вырашаючы па тэлефоне свае прыватныя справы.
“Праграма? Гэта Шаўцоў Дзмітрый Яўгенавіч. Ён галоўны урач 34-паліклінікі Савецкага раёна. Даўно працуе. Вельмі харошы чалавек. А праграма яго, у прынцыпе, звязаная з удасканаленнем аховы здароў’я”