Справа Юліі Цімашэнкі набліжаецца да завяршэння
У судовым працэсе над экс-прэм'ерам Украіны Юліяй Цімашэнкай нечакана аб'яўлены перапынак.
110912 Jaszanka Cimashenka.mp3
Апошняя стадыя разгляду справы пад назвай “Судовыя дэбаты” адбудзецца 27 верасня, непасрэдна перад вынясеннем прыгавору. Нагадаем, што з пачатку судовага следства ўсе хадайніцтвы Юліі Цімашэнка і яе адвакатаў метадычна адхіляліся.
Як сведчыць суддзя, паседжанне суда па справе Юліі Цімашэнка перанесенае на падставе таго, што падсудная сама прасіла даць ёй дадатковы час для падрыхтоўкі ў дэбатах. Аднак народны дэпутат ад фракцыі "БЮТ-Бацькаўшчына” Сяргей Уласенка ўпэўнены, што рашэнне адтэрмінавання вынясення прыгавору мае палітычную афарбоўку.
Уласенка: “Я перакананы, што ў гэтыя выхадныя ў кабінеце прэзідэнта краіны нешта вырашалася. І рашэнне не вынасіць прыгавор цяпер непасрэдна звязана з тымі міжнароднымі мерапрыемствамі, на якіх будзе прысутнічаць прэзідэнт Украіны. У прыватнасці, гаворка ідзе пра Ялцінскую канферэнцыю 20 верасня, пра ягоны ўдзел у сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у саміце Усходняга Партнёрства. Я перакананы, што суддзя Кірэеў не прымаў гэтага рашэння самастойна”.
Падчас судовага следства з боку абвінавачання былі дапытаныя больш за 30 сведак, у той час, як з боку абароны – толькі два. Такім чынам, суддзя, фактычна, адкрыта заняў пазіцыю абвінавачання, якое цвёрда настойвае на тым, што доказы віны Цімашэнка сабраныя, і іх дастаткова. Акрамя таго, суд адмовіўся вывучаць дакументы, якія перадавалі адвакаты экс-прэм’ера. Па словах народнага дэпутата Украіны Сяргея Собалева, упершыню Януковіч адчуў страх за тое, што робіць.
Собалеў: “Упершыню мы ўбачылі, што Януковіч спалохаўся. За два месяцы судовага працэсу гэта фактычна першае паражэнне гэтай улады, якая спалохалася ціску знутры і звонку, асабліва напярэдадні важных самітаў”.
Сама Юлія Цімашэнка расцаніла перапынак у судовым працэсе як доказ таго, што яе справа развалілася разам з "канцэпцыяй улады пра палітычныя рэпрэсіі". Артыкул, па якім абвінавачваецца украінскі экс-прэм'ер, прадугледжвае пакаранне у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 7 да 10 гадоў. За кратамі яна знаходзіцца ўжо 39 дзён.
Нагадаем, у снежні 2010 года Цімашэнцы прад'явілі абвінавачанне ў нямэтавым расходаванні 320 мільёнаў еўра, якія Украіна атрымала ад продажу квотаў на выкід парніковых газаў. У студзені 2011 года супраць Цімашэнкі завялі другую справу па артыкуле аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў пры закупцы аўтамабіляў "хуткай дапамогі". У лютым следства па гэтых справах было завершанае. А ў траўні былой прэм'ерцы прад'явілі абвінавачанне ў перавышэнні паўнамоцтваў пры заключэнні газавых кантрактаў з Расіяй.