Step Hall: The Show і прыгожая песня для прыгожых дзяўчат
Песні з дэбютніка яркіх мінскіх фанкераў паставілі на вушы іх нешматлікіх фанатаў. Было весела, і сапраўды шкада, што вы не прыйшлі!
“Сябры! Учора быў цудоўны снегапад! Неверагодны проста. Ляпіў ўсё навокал! Хацелася стаяць пад ліхтаром, плакаць, піць гарэлку. А гэта было насамрэч, прабачце… Паехалі!” — жартуе Андрэй Бібікаў і заводзіць “In an Old City”. Гурт Step Hall прэзентуе свой бадзёры дэбютнік “The Show” у сталічным “Гудвіне”.
На вуліцы сапраўдная зіма, але ў клубе спякотна, як улетку. Уся справа ў фанку: слухаеш яго, і здаецца, што пражываеш лепшы дзень у сваім жыцці! Альбом “The Show” выбухае нястрымнай энергетыкай! Музыкі час ад часу разбаўляюць яе джэмамі, якія ўспрымаюцца не заўсёды дарэчы. Публіка ж просіць “Stop this Night” і стрымлівае сябе толькі пад адзіную рускамоўную рэч на пласцінцы — “Она как прежде” — і новую песню, якой Андрэй Бібікаў распачынае другую частку канцэрта.
“Мы ўжо не ўпершыню на іх выступе. Мы наведалі ўжо 4 канцэрты Step Hаll, — перабіваюць адна адну сяброўкі Вольга і Наста, — Нам вельмі падабаецца. Яны такія запальваючыя — хочацца бясконца танчыць! Клавішнік гурта — наш знаёмы, і мы праз яго даведаліся, што ёсць такі цудоўны гурт. Яго музыка нагадвае дзікія, нястрыманыя танцы. Ні хвіліны спакою”.
Нягледзячы на шыкоўную музыку, шоў гурта выглядае сціплым: музыканты проста стаяць “у лінеечку”. Андрэй Бібікаў паказвае публіцы рухі, якія пасуюць будучай песні. Усмешлівым прыгожым дзяўчатам, якія складаюць большую частку публікі, гэта вельмі падабаецца.
“Я сёння тут, таму што гэта музыка, якая дарыць добры не толькі настрой, але і стан душы, — распавядае Еўрарадыё глядачка Настасся. — Яна натхняе на тое, каб, праслухаўшы, накіраваць свае сілы на нешта добрае, на аптымізм. Гэта музыка падобная на нешта смачнае і хрумсткае”.
Step Hall уражваюць зладжанасцю і прафесіяналізмам. Андрэй Бібікаў — уменнем утрымліваць увагу публікі. Музыка — вогненная і завадная — свежым подыхам у беларускім кантэксце. Калі б не адно “але”. Творы Step Hall гучаць, як адна доўгая, вясёлая і прыгожая песня. Такая доўгая, што не ўсе ў стане даслухаць яе да канца. Але гэта, запэўнівае фронтмэн гуртоў “Млын” і Parason Андрэй Карповіч, спецыфіка жанру.
Андрэй Карповіч: “Гэта спецыфічная музыка, якая прыдуманая для таго, каб захапляцца целам. Бо гэтыя біты, грувы, якія граюць музыкі, вымушаюць цябе танчыць. Я пастаяў, а потым адна нага, другая, рука, плячо — і ўсё пайшло. Гэта не Гершвін, гэта музыка, каб танчыць, танчыць, танчыць, весяліцца і забывацца пра клопаты”.
Магчыма, праз паўгода сітуацыя з “доўгай песняй” у Step Hall зменіцца: гурт зачыняецца ў студыі для запісу новай праграмы.
“Мы маладая каманда, і мы знаходзімся ў пошуку. Мы хочам, вядома, паэксперыментаваць і з гучаннем, і з ідэямі ў музыцы крыху іншымі. Мы выраслі. Але ўсё адно наша музыка нам вельмі падабаецца. У іншым выпадку, мы б яе не гралі”, — прызнаецца Андрэй Бібікаў.
У новай праграме Step Hall звернецца да джазавых формаў і часткова заспявае па-руску. Але наўрад ці гурт заіграе чысты джаз, мяркуе Андрэй. У музыкаў занадта шмат энергіі і агню, лепшым выхадам для якіх з’яўляецца фанк.