У Беларусі будуць рыхтаваць аэракасмічных тэхнолагаў

Вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі да новага акадэмічнага года рыхтуюць чарговыя новаўвядзенні. Так, на факультэце радыёфізікі БДУ абітурыентам прапануюць новую спецыяльнасць “Аэракасмічныя і радыёэлектронныя інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. Яна звязаная з вышэйшымі тэхналогіямі, у тым ліку з мабільнымі сеткамі, GPS-сістэмамі і праграмаваннем. Амбіцыі кіраўніцтва ўніверсітэта даволі высокія, але студэнты факультэта ставяцца да новаўвадзенняў даволі скептычна — многія лічаць, што гэта спроба скочыць праз галаву.

Стары і пабіты часам будынак, у якім месціцца галоўны корпус факультэта радыёфізікі і электронікі БДУ, пакідае даволі сумнае ўражанне. Унутры жоўтыя сцены, аблупленая фарба і старыя вокны, як у савецкіх паліклініках. Цяжка ўявіць, што менавіта тут будуць рыхтаваць спецыялістаў у сферы вышэйшых тэхналогій, людзей, якія павядуць краіну ў будучыню. Зрэшты, студэнты і самі ў гэтым не ўпэўненыя.

Студэнт: “Шчыра кажучы, я не думаю, што ў нас ёсць вялікія перспектывы ў гэтым. Толькі калі ладзіць нейкія сумесныя праекты з Расіяй ці Еўропай. Пажадана, вядома, з Захадам, Еўропай”.

І хоць выгляд памяшканняў далёкі ад навуковай лабараторыі з мікрачыпамі і працэсарамі, дэкан факультэта, прафесар Сцяпан Мулярчык мае вялікі запас аптымізму.

Мулярчык: “Яны разумеюць, што гэта спецыяльнасць будучага. Гэта ўжо і сённяшні дзень, але і спецыяльнасць на далёкую перспектыву. У будучым гэта будзе прыносіць вялікія грошы і Расіі, і ЗША”.

Намеснік дэкана Сяргей Малы адзначыў, што колькасць студэнтаў па новай спецыяльнасці складзе каля 30 чалавек. Траціна з іх будуць навучацца на платнай аснове за 1000 долараў на год.

Малы: “Па плане ў нас 20 бюджэтных месцаў і дзесяць платных. А кошт вучобы з невялікімі варыяцыямі складзе крыху болей тысячу долараў па цяперашнім курсе”.

Іншыя універсітэты Беларусі таксама абвясцілі пра з’яўленне новых спецыяльнасцяў. Лінгвістычны універсітэт у гэтым годзе набірае групу па вывучэнні турэцкай мовы, а ў Магілёўскім дзяржуніверсітэце пашыраць колькасць спецыяльнасцяў за кошт набору праграмістаў і географаў-біёлагаў.

Але студэнтаў найперш хвалююць пытанні далейшага працаўладкавання, а не планы кіраўніцтва ўніверсітэтаў. Многія з выпускнікоў часта сутыкаюцца з праблемамі падчас пошуку працы.

Студэнт-выпускнік: Вучаць шмат чаму, але і вучаць таму, што пасля зусім не спатрэбіцца, таму пасля хто куды ідзе — нехта на нейкія фірмы, нехта адкрывае ІП, нехта ў банку працуе”.

Але ці стане Беларусь касмічнай дзяржавай і ці будуць спецыялісты-аэракасмолагі запатрабаваныя пасля заканчэння ВНУ, мы зможам даведацца толькі праз пяць гадоў.

Фота: planetarium-kharkov.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі