У калгасе Нацбанка даярка атрымлівае 1,5-2 мільёны
Галоўнаму банку загадана пазбавіцца ад усіх 14 сваіх аграгаспадарак.
Магчыма, калгасы прададуць. Але па словах дырэктара гаспадаркі “Айчына” Уладзіміра Бандарэнкі, няма розніцы, хто будзе ў іх гаспадаром — Нацбанк ці нейкі алігарх.
Уладзімір Бандарэнка: “Калі новы кантракт будзе выгаднейшы, чым быў дагэтуль, будзе нармальна. Хто будзе плаціць — розніцы няма. Для людзей сёння галоўнае, каб інвестар, які прыйдзе, у дамовах прапісаў, што ў нас будзе не горш, чым у іншых”.
Іх нават не палохае, што інвестарам можа стаць алігарх — абы плаціў за працу добра. А сёння ў “Айчыне”, як даведалася Еўрарадыё, тая ж даярка атрымлівае 1,5-2 мільёны ў месяц. Дырэктар спакойны, маўляў зараз гаспадарка можа існаваць без падтрымкі Нацбанка. І раней проста так грошы ніхто не даваў — былі хай сабе і льготныя, але крэдыты. Усё адно трэба вяртаць.
Уладзімір Бандарэнка: “Нацбанк свае грошы ўклаў, дакладней, дзяржаўныя, гаспадарка зараз можа развівацца сама — і з Нацбанкам, і з іншым інвестарам. І калі зараз можна ўкладзеныя грошы вярнуць праз нейкага інвестара, то чаму гэта не зрабіць? Гэта нармальная з’ява”.
У яшчэ адной нацбанкаўскай гаспадарцы, “Парахонскае”, чакаюць, што інвестар спачатку дабудуе малочную ферму. Па словах дырэктара гаспадаркі Уладзіміра Храленка, сёння не шмат банкаў, здольных як Нацбанк, крэдытаваць буйныя праекты.
Уладзімір Храленка: “Сышоў адзін, так бы мовіць, інвестар-крэдытор — мусіць прыйсці іншы. Дабудоўваць трэба — кінуць-то ніяк нельга! Раней стаўка рэфінансавання была ад 12 да 17, а зараз яна ўжо 45%. Таму давядзецца гэтыя крэдыты “кропкава” браць – дабудаваць адзін аб’ект, каб ён пачаў даваць прадукцыю, потым брацца за другі”.
Увогуле, агульны настрой суразмоўцаў Еўрарадыё такі: “Мы будзем працаваць, як і працавалі. А як яно будзе далей, без Нацбанка — час пакажа”.
Сам Нацбанк пакуль не вырашыў, якім чынам пазбаўляцца ад сваіх калгасаў. Па словах кіраўніка прэс-службы Нацбанка Аляксандра Цімашэнкі, на гэта ў іх ёсць тры месяцы.
Аляксандр Цімашэнка: “Пакуль ніякага рашэння няма — тры месяцы адведзена Нацбанку на выкананне (Указа кіраўніка краіны — Еўрарадыё). І які спосаб будзе абраны для пазбаўлення Нацбанка ад няпрофільных функцый”.
Але Уладзімір Саўчанка, генеральны дырэктар агракамбіната “Мачулішчы”, які аб’ядноўвае ў холдынг усе нацбанкаўскія сельскія гаспадаркі, ужо прапаноўвае жадаючым: калі хто хоча што купіць — калі ласка! Абы даярка не згубіла заробак у 1,5-2 мільёны.