У радзільнях гарачую ваду адключаюць на два тыдні

Пацыентка Радзільні №2 Мінска скардзіцца Еўрарадыё, што ў лякарні няма гарачай вады! Тэлефаную запытацца: ці, можа, уключылі? У родавым аддзяленні кажуць, што ўчора яшчэ не было, а сёння пакуль… не заўважылі!

“Так, не было — да гэтага было планавае адключэнне. А сёння — нават не ведаю, не глядзела, ці ёсць яна”, — кажуць у родавым аддзяленні Радзільні №2.

Сакратарка прыёмнай тлумачыць Еўрарадыё, што ваду адключаюць штогод. І дзівіцца, чаму гэта здзіўляе пацыентак!

Радзільня №2: “А што, яна не жыве ў Мінску і ў яе дома не адключаюць гарачую ваду? Ва ўсіх адключаюць. Мы таксама належым да Фрунзенскага раёна і, як заўсёды ў летні перыяд, ідзе тэхагляд гэтых трубаў. Як мы можам не адключыць? Гарачай вады тут не было два тыдні, але сёння гарачанькая пайшла. Учора ўжо цёпленькая была, а сёння — гарачая".

Намеснік галоўурача па гаспадарчай частцы запэўнівае мяне, што ў аддзяленнях ёсць тытаны, і на мінімальныя патрэбы нагрэць можна:“Каб дзіцё падмыць, яны асобна бяруць…”

Пра іншыя варыянты падагрэць ваду ў радзільні Еўрарадыё распавядаюць ў прыёмнай галоўнага ўрача:

Я не ведаю, як у аддзяленнях яны спраўляюцца. Ну, натуральна, гэта выклікае свае нязручнасці, але, па-мойму, там спрабуюць зрабіць нейкі падагрэў… Ёсць буфетныя пакоі, там можна падагрэць ваду”.

І раяць патэлефанаваць у “Цепласеткі”. Намеснік галоўнага інжынера “Мінскцепласетак” Андрэй Жашко кажа, што адзіны варыянт для лякарні — гэта пабудаваць сваю кацельню.

Андрэй Жашко: “Некаторыя спажыўцы маюць сваю крыніцу цяпла — або кацельную на даху ці якую іншую, або нейкі падагравальнік. Бальніцы ў прынцыпе павінны быць забяспечаныя такім абсталяваннем”.

Спецыяліст прыводзіць у прыклад гатэлі: там гарачая вада — круглы год.

Андрэй Жашко: “Шмат гатэляў у Мінску маюць такое абсталяванне — "Планета", напрыклад, я ведаю. Пяцізоркавыя гатэлі — маюць хто кацельную на даху, хто іншую... Можна таксама набываць электрычныя тэны”.

Кошт звычайнага нумара на дзве асобы ў гатэлі “Планета” — 116 долараў. За VIP-нумар у суткі давядзецца заплаціць 724 долары. Сапраўды, было б дзіўна, выклаўшы такія грошы, застацца без гарачай вады…

І ў Радзільні №2 кажуць, што таксама не супраць такіх прамысловых бойлераў.

Радзільня №2: “Мы ж бюджэтная арганізацыя. Калі нам дзяржава выдзеліць грошы на будаўніцтва бойлера, у такім разе мы яго паставім”.

У Міністэрстве аховы здароўя адказу на пытанне, ці дадуць яны грошы на бойлеры для радзільні, Еўрарадыё так і не атрымала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі