У Слуцку кіраўніку ініцыятыўнай групы Някляева зрэзалі заробак ў два разы
На думку Юрэвіча, такім чынам, кіраўніцтва прадпрыемства дамагаецца яго сыходу па ўласным жаданні.
Кіраўніцтва РУП "Мінскэнерга" са студзеня зрэзала заробак Анатолю Юрэвічу, старэйшаму майстру Слуцкага будаўнічага ўчастка філіяла "Мінская ЦЭЦ". У перыяд перадвыбарчай кампаніі Юрэвіч узначальваў на Случчыне ініцыятыўную групу Уладзіміра Някляева.
"Мая зарплата зменшылася з 1,5 мільёна да 827.000 рублёў, - заявіў Анатоль Юрэвіч. - У той жа час я сумяшчаю тры пасады - начальніка ўчастка, старэйшага майстра і нарміроўшчыка".
Гэта не першая спроба адміністрацыі РУП "Мінскэнерга" пазбавіцца ад Анатоля Юрэвіча. У самы разгар прэзідэнцкай кампаніі, 7 кастрычніка, Юрэвічу прапаноўвалі падпісаць паведамленне аб скасаванні кантракту. Але тады Юрэвіч захаваў працоўнае месца ў сувязі з тым, што тэрмін дамовы заканчваўся 21 кастрычніка, а ў адпаведнасці з Працоўным Кодэксам кіраўніцтва павінна было папярэдзіць работніка пра гэта не менш, чым за месяц, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".