Уладзімір Някляеў: Дык я выязны ці не?

Еўрарадыё: 26 ліпеня вас выклікалі ў Генпракуратуру. З чым гэта было звязана?

Уладзімір Някляеў: “Я думаў, што мяне павіншуюць з Днём Незалежнасці, але аказалася, што не так. Сказалі, што я няўдзячна стаўлюся да рашэння судовых ўладаў, што мяне амаль што выпусцілі на волю, а я гэта няправільна зразумеў і карыстаюся гэтай самай воляй не па прызначэнні... Гэта мелася на ўвазе, што я выязджаў з Мінску: двойчы ў Варшаву, у Літву, а таксама ў Маскву — хаця гэта ніякія не парушэнні з майго боку. Але яны вырашылі мяне папярэдзіць, што калі я буду злосна парушаць гэтыя іх “указілі”, яны будуць вымушаныя завезці мяне, маўляў, туды, куды прысудзіў суд, адклаўшы выкананне прысуду.

Адна з гэтых паездак была на Форум дэмакратычнай супольнасці. На якім, дарэчы, абмяркоўвалася пытанне дапамогі Беларусі з боку ЕС па выхадзе з крызісу. Абмеркаванне ішло з маім удзелам і з удзелам іншых прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама з удзелам еўрапейскіх палітыкаў. Дык атрымліваецца, мяне хочуць пасадзіць у турму за тое, што я стараўся ўгаварыць еўрапейскіх палітыкаў не адмаўляцца ад дыялога з Беларуссю. Бо рэжым — гэта не ўся Беларусь. І трэба думаць пра будучыню Беларусі. Вось і аказаўся менавіта ў гэтым вінаваты. Па ўсім было відаць, што пракуратура не ў захапленні ад той місіі, якую яна выковае. Бо гэта не яе місія, гэта місія іншых органаў”.

Еўрарадыё: Атрымоўваецца, што вы невыязны з краіны, ці гэта так?

Уладзімір Някляеў:“Тут наогул немагчыма зразумець, што мы можам рабіць, а на што мы маем права. Напрыклад, Сяргей Вазняк, які мае ўмоўнае пакаранне, хацеў выехаць пасля 22-га, калі адбыўся суд па касацыі і прысуд уступіў у сілу. Там у Адміністрацыйным кодэксе сказана, што мы ў такім выпадку маем права выязджаць за межы Беларусі не больш як на месяц. Ён пайшоў, што называецца па свае правы, (здаецца) у эміграцыйную службу, і яму сказалі: “Тое, што там напісана — гэта адно, а тое што мы напісалі — гэта другое. Дык мы напісалі, што нікуды мы вас не пусцім”. І завярнулі Вазняка ні з чым.

Вызначыць, хто якія мае правы, проста немагчыма. Як немагчыма мне было разабрацца пад хатнім арыштам, чаму яны, гэтыя людзі, якія мяне ахоўваюць, павінны сядзець у маёй спальні, а не стаяць за дзвярыма. Ды яшчэ быць у хаце маёй, калі ў ёй нікога няма. Чаму яны павінны былі заставацца і быць сам-насам з маёй жонкай, я да гэтай пары не магу зразумець”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі