Віктара Івашкевіча зноў папярэдзіла пракуратура
Гэта адбылося напярэдадні Народнага сходу, прызначанага на суботу 12 лістапада. Такое сама папярэджанне ён атрымаў і перад мінулым сходам.
Запрашалі яго і на размову, але туды Івашкевіч не пайшоў, бо прыхварэў. Таму папярэджанне яму паабяцалі даслаць поштай. Пра гэта ён распавёў у гутарцы з Еўрарадыё.
На народных сходах 12 лістапада арганізатары плануюць расказаць, якія адказы яны атрымалі ад уладаў пасля першага сходу 8 кастрычніка. У некаторых гарадах (напрыклад, у Оршы) яны адбудуцца не на плошчы, а ў дварах.
Івашкевіч: "Мітынгу не будзе — мы дзейнічаем не паводле закону аб масавых мерапрыемствах, а паводле закону аб сходах. Народныя сходы — гэта не форма пратэсту, а форма арганізацыі пратэсту. У гэтым сэнсе, яны могуць адбывацца на плошчы, могуць адбывацца па дварах, могуць адбывацца па дамах... Могуць, урэшце, адбывацца на кватэры ў аднаго з жыхароў дома, калі ў яго збярэцца 20 чалавек".
Па словах Івашкевіча, папярэднія народныя сходы ўжо выявілі новых людзей, не заангажаваных раней у палітыку. Так, у Віцебску камітэтам Народнага сходу кіруе мясцовая лідарка прадпрымальнікаў, у Бабруйску таксама кіруе чалавек, які раней не ўваходзіў ні ў якія структуры.