Выбары ў Савет Рэспублікі: Дворнік і гендырэктар
Патрапіць у верхнюю палату парламента “чалавеку з вуліцы немагчыма”.
“Чалавеку з вуліцы немагчыма. Гэта вышэйшая палата парламента. Чалавек з вуліцы можа ўдзельнічаць у тых выбарах, якія адбудуцца 23 верасня”, — расказваюць Еўрарадыё ў Мінгарсавеце.
І даюць параду штудзіраваць выбарчае заканадаўства. Маўляў, пара зараз гарачая і часу на прэсу няма. У законах знаходжу падрабязнае апісанне працэдуры: па восем чалавек абіраюць абласныя саветы, яшчэ па восем кандыдатур прапаноўваюць сталіца і асабіста кіраўнік краіны. Галасуюць чамусьці таемна.
Звычайна выбары праходзяць без лішняга шуму, неспадзяванак і безальтэрнатыўна. Прынамсі, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у размове з Еўрарадыё не змог прыгадаць, каб было больш прэтэндэнтаў, чым месцаў.
У Гомельскім абласным савеце дэпутатаў расказваюць, што вылучаюцца заслужаныя прэтэндэнты і дэпутаты іх кандыдатуры, як правіла, не адкідваюць.
А вылучэнцы — людзі насамрэч няпростыя. Рэдактар “Гомельскай праўды” Бяспалы, старшыня Гомельскага аблвыканкама Дворнік, прарэктар Мазырскага ўніверсітэта Краневіч і нават гендырэктар “Беларуснафты” Ляхаў.
Сярод гэтых віпаў дырэктарка Рэчыцкага ліцэя Ірына Пяткун выглядае сціпла. Пытаюся, навошта жанчыне спатрэбілася вылучацца ў сенатары.
“Несумненна, калі я стану членам Савета Рэспублікі, то я пастараюся рэалізаваць свае намеры”.
Намеры такія: адмена жорсткіх патрабаванняў пры наборы класаў у ліцэях і гімназіях, больш свабоды ў профілях навучальных установаў. Шкада толькі, што Савет Рэспублікі збольшага галасуе “за” альбо “супраць” законапраектаў, прапанаваных Палатай прадстаўнікоў. Часцей “за”. Таму дырэктарцы будзе вельмі складана прасоўваць свае ідэі. Аднак у ніжнюю палату Ірына Пяткун балатавацца не хоча. Працу дэпутата сумяшчаць з працай у ліцэі немагчыма.
“У Палаце прадстаўнікоў мне прыйшлося б пакінуць сваю пасаду. А я вельмі люблю свой ліцэй, свой горад. У Савеце Рэспублікі я змагу працаваць па сумяшчальніцтве. Проста ездзіць у камандзіроўку раз у месяц на некалькі дзён. А ў Палаты прадстаўнікоў працяглыя сесіі — па 2-3 месяцы. І некалькі разоў на год. Натуральна, што з асноўнай працай іх сумяшчаць нельга”.
Як даведалася Еўрарадыё, за працу ў Савеце Рэспублікі сенатары нічога не атрымліваюць — галасуюць бясплатна. Заробкі маюць толькі кіраўнік і яго намеснікі. Даведацца імёны новых сенатараў можна будзе з дзяржаўных газет.
“Я вось колькі працую ў сістэме дзяржслужбы, такога яшчэ не было. Усе вылучэнцы настолькі годныя людзі… 21 верасня ў нас адбудзецца паседжанне дэпутатаў базавага ўзроўню, і менавіта там гэтыя кандыдатуры будуць разглядацца”.
Еўрарадыё папрасіла мінакоў распавесці, што такое Савет Рэспублікі. Адказы ў апытанцы: