З распаўсюдніка беларускіх кніг патрабуюць штраф
Алесю Яўдаху неабходная дапамога грамадства.
Да 18 сакавіка ён павінен выплаціць штраф памерам больш за 6,5 тысячы долараў. Гэты штраф быў вынесены яму па абвінавачанні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэтак суд ацаніў распаўсюд незалежнай беларускамоўнай літаратуры.
Сам распаўсюднік у каментары Еўрарадыё паведаміў, што яму пагражае ў выпадку нявыплаты:
Яўдаха: "Арыштаваную маёмасць забяруць і пусцяць з малатка. І паспрабуюць апісаць што-небудзь яшчэ. Паводле закону, калі мне ўручылі выканаўчы ліст, цягам месяца я мушу гэтую суму выплаціць. Калі раптам не выплачу, тады маёмасць пусцяць з малатка, накіруюць на працу і будуць там вылічваць патроху".
Ахвотныя дапамагчы могуць звяртацца да самога Яўдахі на мэйл ([email protected]) альбо асабіста. Сам распаўсюднік кажа, што звярнуўся па дапамогу і да праваабаронцаў — чакае дапамогі і ад іх.
Нагадаем, што праблемы ў Яўдахі пачаліся, калі ён заняўся распаўсюдам кнігі "Маладафронтаўцы". Яму прысудзілі год "хатняй хіміі" і штраф у амаль 57 мільёнаў рублёў.