За год у Беларусі стала менш на 10 тысяч прадпрымальнікаў
Што змянілася ў стаўленні дзяржавы да прадпрымальнікаў? Калі ў Беларусі будзе хаця б паўмільёна бізнесменаў?
Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў лідар аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.
Еўрарадыё: Прайшлі амаль два месяцы з таго часу, як базавая велічыня вырасла ў тры разы. Як гэта адбілася на прадпрымальніках? Як жылося прадпрымальнікам гэтыя два месяцы і па чым трапіў асноўны ўдар?
Анатоль Шумчанка: Нават без прывязкі да базавай у апошні час падатак павялічыўся ў два разы. Базавая велічыня па вялікім рахунку ўжо не мае ніякага значэння. Сёння да яе прывязваюцца толькі штрафы. Што датычыцца падаткаў, яны вызначаюцца дэпутатамі мясцовых саветаў. Паводле іх слоў, у сувязі з дэвальвацыйнымі працэсамі, якія адбываліся ў Беларусі на працягу апошняга года, падаткі ў беларускіх рублях павялічылі ў два разы.
Што да іншых павелічэнняў, то адбыўся істотны рост у арэндных стасунках. Але зноў-такі — не з-за базавай, а з-за таго, што быў прыняты 150-ы Указ, які дазваляе свабодную арэнду для камерцыйнай нерухомасці. То бок, там, дзе ўласнік не з’яўляецца дзяржавай, для яго няма ніякіх перашкодаў для ўсталявання арэнды. Колькі хоча — столькі і ўсталёўвае.
Павелічэнне падаткаў, вядома, сыграла негатыўную ролю для прадпрымальнікаў і іх бізнесу. Заробкі ж у нас засталіся тымі самымі. Мы сёння вельмі занепакоеныя адсутнасцю дастатковай пакупніцкай здольнасці і гандлю, які б пакрываў усе нашыя выдаткі.
Як вынік — колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася на 10 тысяч. На сёння мы фактычна назіраем стагнацыю ў сектары індывідуальнага прадпрымальніцтва. Дзяржава хоча, каб у нас быў сярэдні і буйны бізнес. Але без малога бізнесу, без старту, без хуткага накаплення капіталу ў гандлі немагчымы пераход у сярэдні і буйны бізнес.
Мы не атрымаем долю ВУП малога бізнесу, не атрымаем вялікія рэйтынгі міжнародных агенцтваў, развіцця малога прадпрымальніцтва, дый увогуле — бізнесу. У нас будзе будавацца алігархічны бізнес, але ніяк не малы. Што тычыцца арэнды, у нас 400 квадратных метраў гандлёвых плошчаў на 1000 жыхароў. У Еўропе гэтая лічба складае 1,5 тысячы. То бок, можаце ўявіць канкурэнцыю ў нас, і ў іх. Канешне, у Еўропе з-за канкурэнцыі стаўка арэнднай платы будзе ніжэй, чым у нас. У нас, фактычна, манаполія.
Усе гэтыя негатыўныя моманты ствараюць адмоўны фон для развіцця малога бізнесу.
Еўрарадыё: Вы сказалі, што за апошні год ІП стала меней на 10 тысяч. А колькі цяпер увогуле індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі?
Анатоль Шумчанка: Парадку 219 тысяч.
Еўрарадыё: А калі б умовы для развіцця малога бізнесу былі спрыяльнымі, колькі цяпер магло б быць ІП у Беларусі?
Анатоль Шумчанка: У нас ёсць праграма “Перспектыва”, згодна з якой да 2016 года мы планавалі б выйсці на лічбу 500 тысяч ІП. То бок, паўмільёна. Гэта даволі рэальная лічба.
Увогуле сёння дзяржава штучна стрымлівае развіццё індывідуальнага прадпрымальніцтва, робячы ўпор на развіцці юрыдычных асобаў, так званых унітарных прадпрыемстваў і г.д., што абсалютна не мае сэнсу. Мы думаем, што з паўмільёна індывідуальных прадпрымальнікаў “стрэліць” у сярэдні і буйны бізнес — нашмат больш за 200 тысяч.
Той жа нябожчык Сціў Джобс. Дзе яны пачыналі? У гаражы распрацоўвалі праграмкі! Ды той жа Чыж гандляваў бельгійскімі дыванамі. Колькі ў нас такіх прадпрымальнікаў, якія б таксама пачыналі з малога, але мы іх проста абмежавалі.
Еўрарадыё: Ці шмат прадпрымальнікі плацяць штрафаў? І наколькі яны павялічыліся з падвышэннем базавай?
Анатоль Шумчанка: Апошнім часам сітуацыя з праверкамі больш-менш стабілізавалася. Але штрафы па-ранейшаму вельмі высокія. У нас быў выпадак, калі за тавары на 2 тысячы долараў выпісалі штраф на 100 тысяч долараў. Праўда, пасля правялі эканамічную амністыю.
Мы, бачачы ўсю гэтую сітуацыю, распрацавалі нядаўна закон "Аб індывідуальным прадпрымальніцтве", у якім хочам надаць значную ролю ІП. Каб у іх было 15 наёмных асобаў, каб яны мелі магчымасць ствараць сямейныя прадпрымальніцтвы, таварыствы. Каб яны мелі магчымасць, не ствараючы юрыдычных асобаў, працаваць паміж сабой па дамовах. Каб бізнес ІП меў фірменныя назвы, а не проста ІП Іваноў, Сідароў ці Пятроў. У нас вельмі шмат ініцыятыў, але чамусьці сёння ІП выцесненыя з усіх дыялогавых пляцовак урада Беларусі. Там задзейнічаны саюзы прадпрымальнікаў, якія прадстаўляюць сярэдні і буйны бізнес.
Еўрарадыё: Ці ёсць якая дынаміка ў стаўленні дзяржавы да індывідуальных прадпрымальнікаў?
Анатоль Шумчанка: Абсалютна не. Нас лічаць, як скаціну: па галовах. У нас прывыклі працаваць планавым метадам — давесці ўдзельную вагу… Дык вось ІП у гэтых планах няма. Калі б ставілі планы, магчыма, яны б неяк і варушыліся.
Мы летась праводзілі конкурс на найлепшы рэгіён Беларусі. Дынаміка такая, што наша ўдзельная вага ў рознічным таваразвароце Беларусі (ІП) зніжаецца з кожным годам. І мы падлічылі, што з такім падыходам гадоў праз 10-15 мы увогуле будзем мець мізэр.
Знеслі кіёскі — каму яны перашкаджалі? А між іншым, шмат тых, хто пачынаў з кіёскаў, пасля перайшлі ў больш буйны бізнес — адкрывалі паслугі, больш буйныя крамы і г.д. А дзяржава іх проста абмежавала. Некаторыя сышлі, а некаторыя павесілі шашачкі на свае машыны і пайшлі працаваць таксістамі, некаторыя падаліся на рынкі.
Еўрарадыё: Магчыма, дзяржава лічыць, што ІП павінны сваё аджываць, ісці далей у развіццё, каб развіваліся прыватныя індывідуальныя прадпрыемствы (ПУП) і г.д.?
Анатоль Шумчанка: Гэта няправільнае мысленне. Дзяржава думае: будзе менш ІП — будзе больш юрасобаў. Гэта не так! Юрыдычныя асобы — гэта ўчорашні малы бізнес. Або юрасобы — гэта тыя, каму зваліліся грошы з неба.
Еўрарадыё: А ці атрымалася развярнуцца ПУПам за апошні час?
Анатоль Шумчанка: Не, такой формы, як ПУП, няма ні ў адной краіне свету. Гэта ў нас толькі прыдумалі. Як развярнуцца? Яны не растуць. Яны застапарыліся на ўзроўні 80 тысяч, і ўсё. Яны не развіваюцца. А як яны будуць развівацца? ПУПы — штучна створаная з’ява. Гэта тыя самыя індывідуальныя прадпрымальнікі.
Еўрарадыё: Ці змянілася стаўленне насельніцтва да індывідуальных прадпрымальнікаў? Адзін прадпрымальнік мне нядаўна сказаў: “Прадпрымальнікі хочуць, каб народ больш грошай меў. Народ жа, наадварот, хоча, каб прадпрымальнікі мелі менш”. Раней, сапраўды, да прадпрымальнікаў было не вельмі добрае стаўленне. А цяпер?
Анатоль Шумчанка: Па-рознаму ставяцца. Але гэта залежыць ад пазіцыі дзяржавы. Ворага можна зрабіць з любога чалавека, у залежнасці — як паднесці. Калі я, напрыклад, скажу, што прадпрымальнікі накармілі і апранулі краіну — гэты вялікі пазітыў. А можна сказаць і па-іншаму.
Але ёсць цудоўны механізм — галасаванне рублём. Дык вось, дзе сёння людзі купляюць большасць вопраткі? У прадпрымальнікаў! Яны ж не ходзяць у гэтыя буцікі ў цэнтры…
Еўрарадыё: А ці сталі прадпрымальнікі больш зарабляць?
Анатоль Шумчанка: Не, прыбыткі ўпалі істотна — у разы. І мы яшчэ атрымаем наступствы крызісу ў наступным годзе.