Саакашвілі на судзе расказаў пра "беларускі след"
У Грузіі пачаўся суд над Міхаілам Саакашвілі. Экс-прэзідэнта вінавацяць у разгоне маніфестацыі і ўварванні ў тэлекампанію "Імедзі" 7 лістапада 2007 года.
Саакашвілі на судзе расказаў, што дзякуючы яму краіна пазбегла "расійскага сцэнару", якім кіраваў мільярдэр Бадры Патаркацышвілі. З яго дапамогай Уладзімір Пуцін у 2006 годзе хацеў сарваць шлях Грузіі ў NATO.
"У тым жа годзе прэзідэнт Беларусі Лукашэнка спытаў мяне, хто такі Аркадзь Патаркацышвілі, які папрасіў яго аб сустрэчы. Я яму сказаў, што ён можа з ім сустрэцца, калі хоча, але нічога дзелавога з такой сустрэчы не выйдзе. Ён яго не прыняў.
Але Патаркацышвілі ўсё ж прыехаў у Мінск, а затым яго прыняў Лукашэнка. Ён сказаў мне, што яму патэлефанаваў Пуцін і сказаў, што яму неабходна сустрэцца з Патаркацышвілі", — цытуе jam-news.net словы Саакашвілі.
Таксама ён дадаў, быццам Пуцін паабяцаў Лукашэнку, што Патаркацышвілі будзе наступным прэзідэнтам Грузіі.
Вулічныя мітынгі ў 2007 годзе Саакашвілі звязаў з канферэнцыяй у Тбілісі, на якую прыехаў генсакратар NATO Яап дэ Хаоп Схефер, а таксама некалькі міністраў замежных спраў, пасол ЗША ў NATO і намеснік дзяржсакратара ЗША. Па словах экс-прэзідэнта, не ўсе ўдзельнікі тых акцыяў ведалі пра планы Патаркацышвілі.
"Гэта быў цяжкі перыяд у тым сэнсе, што мы праводзілі вельмі балючыя рэформы. Некалькі тысяч чалавек засталіся без працы ў рамках рэформы паліцыі. Занадта шмат людзей не змаглі ўстаць на новыя рэйкі. Інфляцыя была высокай. У кагосьці быў даход больш, у кагосьці менш. Таму ў людзей была аб'ектыўная магчымасць раззлавацца на нас", — тлумачыць Саакашвілі.
Ён заявіў, што разгон акцыі бачыў па тэлевізары і дырэктываў нікому не даваў. А кіраваў разгонам міністр унутраных спраў.
Пасля гэтага, дадаў Саакашвілі, ён скараціў свой прэзідэнцкі тэрмін на паўтара года, абвясціў новыя выбары і перамог на іх.
Палітык расказаў, як яго падчас галадоўкі падманам перавялі з турмы Руставі ў турэмны шпіталь Глдані. Паабяцалі, што павязуць у шматпрофільную клініку, але прывезлі ў турэмны шпіталь.
Таксама Саакашвілі заявіў, быццам прэм'ер-міністр пералічваў яго слоікі з мёдам, а чальы ўрада сачылі за тым, што ён купляў у турэмнай краме. "Акрамя таго, розныя палітыкі рабілі розныя стаўкі — пражыву я 45 або 49 дзён", — расказаў ён.
Саакашвілі прызнаў, што ён рабіў памылкі на пасадзе прэзідэнта, але не рабіў злачынстваў: "Ёсць шмат памылак, пра якія я вельмі і вельмі шкадую, але памылкі і правіны — гэта адно, а віна — іншае. Я Міхаіл Саакашвілі, і ў Грузіі ніколі не было прэзідэнта-злачынца". Такой памылкай нё назваў тое, што не забяспечыў незалежнасць судовай улады.
Падчас працэсу каля будынка Тбіліскага гарадскога суда адбылася акцыя ў падтрымку Саакашвілі. Паліцыя затрымала 15 чалавекі ўжыла супраць дэманстрантаў пярцовы газ. Некалькі чалавек звярнуліся па дапамогу да медыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.