Сабаленка прыйшла да Лукашэнкі ў тым жа адзенні, у якім была на корце
27 лістапада ў Мінску прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Арынай Сабаленка, першай ракеткай Беларусі і 13-й ракеткай свету. Прэс-служба кіраўніка дзяржавы адзначае, што яна адбылася на просьбу тэнісісткі. У кароткай афіцыйнай інфармацыі няма ніякіх слоў Сабаленка, там цытуюцца і пераказваюцца словы Лукашэнкі. Ён павіншаваў яе з паспяховым спартыўным сезонам, у якім яна была ці не галоўным адкрыццём. Пажадаў удалага наступнага сезону.
"Малайчына! Мінулы сезон — я лічу, з усіх тэнісістак гэта быў самы вялікі прагрэс, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Я задаволены тваёй гульнёй, за выключэннем некаторых момантаў, дзе ты магла трапіць у корт, але біла міма".
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што Арыне яшчэ ёсць да чаго імкнуцца, каб паказваць больш стабільны тэніс. Да таго ж да яе прыцягнута ўвага балельшчыкаў, якія чакаюць новых перамог і прасоўвання наперад у сусветным рэйтынгу.
Што прасіла ці прапанавала Сабаленка, невядома. Магчыма, у яе ёсць нейкі праект, які яна хацела б рэалізаваць. Напярэдадні тэнісістка правяла майстар-клас для юных спартсменаў. Дарэчы, Арына Сабаленка прыйшла да Аляксандра Лукашэнкі ў тым жа адзенні, што была сёння на корце. Магчыма, з-за гэтага так мала здымкаў з сустрэчы.
Тры гады таму да Аляксандра Лукашэнкі прыходзіла Вікторыя Азаранка, тагачасная першая ракетка Беларусі. Таксама невядома, якая была мэта сустрэчы. Вікторыя не рызыкнула прыйсці ў спартыўным адзенні.