Салдат з "вучэбкі" ў Печах: Тэлефоны ўсе здаюць, але карткі заўсёды пры салдатах
У 72-м вучэбным цэнтры ў Печах. Фота: belarmy.by
3 кастрычніка ў ваенчасці №43064 пад Барысавам загінуў салдат тэрміновай службы з Пінска Аляксандр Коржыч. Хлопца знайшлі ў пятлі ў падвале медсанчасткі. Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з салдатам, які служыў у 3-й роце 3-й школы 72-га вучэбнага цэнтра, дзе праходзіў службу і Саша Коржыч, са студзеня па май — гэта значыць, непасрэдна перад тым, як пінчук быў прызваны ў Печы.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, ёсць у в/ч 43064 дзедаўшчына" ці не?
Салдат: Я там служыў са студзеня па май менавіта ў гэтай роце і школе. Наконт дзедаўшчыны: як такой яе не было, па меншай меры, калі я там быў. Што там цяпер — не ведаю, бо невядома, што там стала з сыходам на дэмбель ў траўні сяржантаў, якія там былі ў той час, калі я там быў.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, у траўні прыйшлі новыя сяржанты замест тых, якія дэмабілізаваліся? Мне называлі прозвішчы: Б., С. Яны вам сустракаліся?
Салдат: Б. быў малодшым сяржантам пры мне, а С. — радавым. І з сыходам папярэдніх сяржантаў на дэмбель адзін стаў сяржантам, а другі малодшым сяржантам. Я з імі і служыў у адным узводзе.
Еўрарадыё: Якія ўражанні пра іх?
Салдат: С. нібыта больш-менш спакойны. Б. касячны, але таксама бяскрыўдны і цалкам адэкватны. А прапаршчык там толькі адзін быў, але быццам бы, павінен быў у траўні сысці ў іншую роту. Магчыма, там [у артыкулах пра гібель Аляксандра Коржыча. — Еўрарадыё] згадваецца прапаршчык з 4-й роты, бо 3-я і 4-я роты на адным паверсе.
Еўрарадыё: А прапаршчык з 4-й роты жорсткі?
Салдат: Па размовах — нібыта не зусім адэкватны.
Еўрарадыё: Родныя Сашы Коржыча кажуць, што ў хлопца забралі банкаўскую картку, а смартфон вымусілі прадаць за 30 рублёў (каля $ 15). Вы з такім не сутыкаліся?
Салдат: Тэлефоны там усе здаюць, і атрымліваюць па нядзелях у вызначаны час. І тое, толькі устаноўленага ўзору.
Еўрарадыё: Кнопкавыя? Смартфоны не дазволеныя?
Салдат: Не, смартфоны нельга. Усе тэлефоны захоўваюцца ў канцылярыі роты пад замком. А карткі заўсёды пры салдатах у нас былі, на іх няма забароны.
Па факце смерці Аляксандра Коржыча ў Печах Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па частцы 3 артыкула 443 КК РБ — "Парушэнне статутных правіл узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы".