Самалёт "Белавіі" прымусілі вярнуцца ў Кіеў, украінцы пагражалі знішчальнікамі

Самалёт "Белавіі" прымусілі вярнуцца ў Кіеў, украінцы пагражалі знішчальнікамі

Самалёт "Белавіі" прымусілі вярнуцца ў Кіеў, украінцы пагражалі падняць знішчальнікі. Здарэнне адбылося 21 кастрычніка. Як інфармуе прэс-служба авіякампаніі, Боінг 737-800 "Белавіі" выконваў рэйс В2-840 Кіеў — Мінск. У 15.25 ён выляцеў з міжнароднага аэрапорта "Жуляны" ў сталіцу Беларусі. На борце знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу. Аднак праз 11 хвілін, калі самалёт быў ужо ў 50 км ад уваходу ў паветраную прастору нашай краіны, украінскі дыспетчар з Кіева загадаў тэрмінова вярнуцца назад у "Жуляны". Пры гэтым не было тлумачэння прычын.

"Таксама было заяўлена, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будуць паднятыя знішчальнікі", — інфармуе прэс-служба "Белавіі". Камандзір экіпажу выканаў загад і ў 15.55 "Боінг" прызямліўся ў "Жулянах". Пасля гэтага ўкраінскія праваахоўнікі затрымалі аднаго з пасажыраў, грамадзяніна Арменіі.

Пасля дазапраўкі самалёт "Белавіі" ў 16.37 выляцеў у Беларусь, у Нацыянальным аэрапорце "Мінск" ён паспяхова прызямліўся ў 17.33. Беларуская авіякампанія мае намер патрабаваць з украінскага боку кампенсацыю за страты, нанесеныя ў сувязі з вяртаннем самалёта ў "Жуляны". Таксама "Белавія" прыносіць прабачэнні пасажырам згаданага рэйса за нязручнасці.

Цікава, што затрыманы ўкраінцамі пасажыр быў імі вызвалены і а 19-й гадзіне іншым рэйсам "Белавіі" выляцеў у Мінск.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі