Саўчанка: Калі ўкраінцам трэба, каб я была прэзідэнтам, то я буду
Украінская лётчыка Надзея Саўчанка, якую два дні таму вызвалілі з расійскай турмы, сёння сустракаецца з журналістамі ў Кіеве. Падчас прэс-канферэнцыі яна заявіла пра сваю гатовасць стаць прэзідэнтам:
“Украінцы, калі вам трэба, каб я была прэзідэнтам, добра, я буду прэзідэнтам. Проста я яшчэ не зусім веру, што ў нас людзі навучыліся галасаваць не за грэчку. Я не скажу, што я хачу гэтага… Я люблю лятаць! Але калі трэба, я гэта зраблю”, — цытуе Саўчанку gordonua.com.
Таксама лётчыцы распавяла, ці з’яўляецца яе вызваленне абменам на расійскіх ваенным Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева.
“Калі мяне выкрадалі, мяне не пыталі… Я не ведаю, па чыёй добрай волі гэта здарылася. Мяне пасадзілі ў машыну, надзелі мех на галаву і звезлі. Гэта адбылося ў адзін дзень. Калі я вырвалася на волю, мяне таксама ні пра што не пыталі”, — сказала Саўчанка.
Яна ўдакладніла, штог не ведае ўсіх дамоўленасцяў пра сваё вызваленне, але “калі гэта спрацавала, значыць, трэба шукаць такія механізмы” па ўсіх зняволеных.
Што да сваёй ролі ў цяперашнім грамадска-палітычным жыцці Украіны, то вызваленая лётчыца адзначыла: “Цяпер мне дораць кветкі, хочуць цалавацца і абдымацца, робяць гэтыя дурныя сэлфі, каб паказаць “я тут быў, я яе бачыў”. А заўтра я буду ісці па вуліцы, у мяне будуць ляцець камяне і пляўкі ў спіну. Я хачу жыць такім жыццём, каб я сёння вытрывала любоў, заўтра — агонь, калі вы як ведзьму будзеце паліць мяне на вогнішчы”.
Яна распавяла, што ў дзень вызвалення абмяркоўвала з прэзідэнтам Пятром Парашэнкам толькі працэдуру ўручэння ёй зоркі Героя. Надзея Саўчанка падзякавала кіраўніку Украіны за вызваленне, бо ён “прыклаў да гэтага намаганні”.