Саўмін перагледзеў кошт БелАЭС, але сцвярджае, што гэта не падаражанне

Саўмін перагледзеў кошт БелАЭС, але сцвярджае, што гэта не падаражанне

29 снежня 2016 года выходзіць Пастанова Савета міністраў Беларусі №1101 "Аб зацвярджэнні праектнай дакументацыі на будаўніцтва атамнай электрастанцыі". Пастанова амаль цалкам дублюе такі ж дакумент, выдадзены ў верасні 2013 года. Гаворка вядзецца пра кошты на розныя аб'екты БелАЭС, якую працягваюць будаваць у Астравецкім раёне.

Увагу Еўрарадыё прыцягнуў пункт "Аб'екты атамнай электрастанцыі". У дакуменце 2013 года планавалася патраціць 44 581 929,12 тысячы расійскіх рублёў. У канцы снежня 2016 кошт павялічыўся да 56 110 915,01 тысячы. Такім чынам розніца склала цэлых 11 528 985,89 тысячы расійскіх рублёў. Калі перавесці ў долары па курсе снежня-2016 атрымаецца нешта каля 200 мільёнаў. Няслаба.

У той жа час ў Савеце міністраў Еўрарадыё пераконваюць, агульны кошт БелАЭС застаецца на тым жа ўзроўні ― каля дзесяці мільярдаў долараў. Растуць кошты ў расійскіх рублях, а валюта ўсходняга суседа ў апошнія гады значна дэвальвальвавалася.

"Як такога павелічэння кошту самой АЭС не адбудзецца. Як і казалі раней ― каля дзесяці мільярдаў. Гэта не змяняецца. Проста адбылося ўдакладненне па аб'ёмах будаўніча-мантажных прац, па кошце матэрыялаў, складзе абсталявання і кошце абсталявання па конкурснай працэдуры... Кошты не выраслі, іх прывялі ў адпаведнасць з актуальнымі коштамі. Кошты былі, вобразна кажучы, у расійскіх рублях. Адбылася дэвальвацыя, гэта выклікала перагляд. Усё праз змены ў курсе", ― паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Савета міністраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі