Сенатар ЗША прапануе распаўсюдзіць санкцыі на "Беларуськалій"
Ён лічыць, што прадпрыемства незаконна выйшла з-пад дзеяння санкцыяў.
Сенатар ЗША ад Рэспубліканскай партыі Стыў Пірс унёс у Кангрэс ЗША законапраект. Ён хоча, каб санкцыі, якія дзейнічаюць супраць шэрагу беларускіх дзяржаўных структур, распаўсюдзіліся на "Беларуськалій" і яго трэйдара — "Беларускую калійную кампанію". Пра гэта паведамляе interfax.by са спасылкай на The Wall Street Journal.
Па словах Пірса, такім чынам аб'екты амерыканскіх санкцыяў не змогуць пазбегнуць іх проста мяняючы назву.
У 2006 годзе пасля чарговых выбараў у Беларусі, расцэненых як недэмакратычныя, ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу беларускіх службовых асоб і дзяржструктур. Пад абмежаванні трапіў і канцэрн "Белнафтахім", куды ўваходзіў "Беларуськалій". Але ў сакавіку 2014-га беларускі ўрад вывеў "Беларуськалій" са складу канцэрна "Белнафтахім". Гэта было патлумачана імкненнем да прамога кіравання прадпрыемствам.
Сёлета два сенатары ад штата Нью-Мексіка, дзе вырабляецца 75% амерыканскіх калійных угнаенняў, накіравалі афіцыйны запыт у Мінфін ЗША з просьбай праверыць, ці не трапляе ААТ "Беларуськалій" пад санкцыі. На думку сенатараў Тома Удала і Марціна Хейнрыха, "Беларуськалій" абыйшоў санкцыі, калі адлучыўся ад канцэрна "Белнафтахім".
Прадстаўнік ААТ "Беларуская калійная кампанія" тлумачыць гэтыя крокі лабісцкімі намаганнямі амерыканскіх вытворцаў. "Беларуськалій" з'яўляецца адзіным вытворцам хлоркалію ў Беларусі, а таксама адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў на сусветны рынак.
Фота: e-gorod.by