Севярынец: Рэчы сабраў, забраць на 15 сутак могуць у любы зручны ім момант

Севярынец: Рэчы сабраў, забраць на 15 сутак могуць у любы зручны ім момант

Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца 2 кастрычніка асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Апазіцыйнага палітыка пакаралі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла ў Мінску 8 верасня. У судзе Севярынца не арыштавалі і ён па-ранейшаму знаходзіцца на свабодзе.

Па словах Паўла Севярынца, адбываць пакаранне міліцыянеры забяруць яго з такім разлікам, каб 21 кастрычніка ён знаходзіўся за кратамі. Менавіта на гэты дзень экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч абвясціў чарговую вулічную акцыю ― “Марш абураных беларусаў 2.0”.

Севярынец: “Я так разумею, што браць мяне яны буду тады, калі ім выгадна, калі яны разлічылі. Магчыма, гэта будзе з разлікам на тое, каб я сядзеў у турме на 21 кастрычніка ― дзень прызначанай акцыі. Таму, хутчэй за ўсё, дзесьці на выходныя будуць браць. Яны дэманстратыўна паказваюць усім: “Мы возьмем, калі захочам, мы хочам, каб ты “павісеў”, мы над табой яшчэ паздзекуемся, нервы папалім табе і цяжарнай жонцы”. Яны ўжо пачалі займацца такой справай. Але торба ў мяне для турмы сабраная, стаіць на ўсялякі выпадак”.

Ісці ў пастарунак і “здавацца”, каб адсядзець прызначаны тэрмін да 21 кастрычніка, Павел Севярынец не збіраецца. Найперш таму, што лічыць прысуд незаконным. І ня гледзячы на тое, што менавіта на 21 кастрычніка ў яго быў запланаваны ўдзел у святкаванні 100-годдзя газеты хрысціянскіх дэмакратаў “Крыніца”. Калі ў гэты дзень ён будзе за кратамі, кажа Севярынец, то мерапрыемства перанясуць на іншы дзень.

Нагадаем, за ўдзел у акцыі, якая праходзіла ў Мінску 8 верасня, ужо былі асуджаны Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі