Шалёнага янота злавілі ў пасёлку Целяханы пад Івацэвічамі
У гарадскім пасёлку Целяханы Івацэвіцкага раёна злавілі шалёнага янота. Цяпер там уведзены двухмесячны каранцін, перадае БЕЛТА.
Дзікага звера на ўскрайку пасёлка заўважыў мясцовы жыхар. Па яго словах, жывёла ішла па вуліцы нібыта спрасонку. Пра гэта мужчына паведаміў у спецыяльныя службы.
У раённай ветстанцыі пракаментавалі інцыдэнт: "У гэты час года яноты павінны быць у спячцы. Магчыма, яго хтосьці спудзіў, і ён з лесу выйшаў у населены пункт. Звера адлавілі, усыпілі і ўзялі пробы. Вынікі лабараторнага даследавання паказалі, што янот быў хворы на шаленства".
Каранцін наклала на падворак, дзе пабывала жывёла. А дзве вуліцы, па якіх прайшоў хворы янот, трапілі ў зону рызыкі: спецыялісты правядуць на іх прафілактычныя мерапрыемствы, паўторна вакцынуюць хатніх жывёл ад шаленства.
За апошнія паўгода гэта трэцяе паведамленне пра хворых на шаленства янотаў у Беларусі. На пачатку жніўня ў Белаазёрску шалёны янот пакусаў дзяўчыну. А ў Сенненскім раёне таксама ў жніўні янот пакусаў двух мужчын, якія спрабавалі яго злавіць. Пасля гэтага адзін з пакусаных знік, а адшукаць яго ўдалося толькі ў міліцэйскім ізалятары часовага ўтрымання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.