Шоу Depeche Mode у Кіеве, Варшаве і Клужы адбудуцца
18 ліпеня гурт Depeche Mode вылятае ў Кіеў, каб працягнуць еўрапейскае турнэ. Пра гэта музыкі пішуць на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
"Мы радыя паведаміць, што стан Дэйва палепшыўся, і мы сёння кіруем ва Украіну, каб заўтра ўвечары выступіць у Кіеве. Гурт з нецярпеннем чакае апошніх шоў у еўрапейскім летнім туры і сустрэчы з прыхільнікамі заўтра ў Кіеве, у пятніцу ў Варшаве і ў нядзелю ў Клужы. Для прыхільнікаў, якія мелі квіткі на шоў у Мінску, мы разглядаем усе варыянты і дадзім больш інфармацыі ў найбліжэйшыя дні. Дзякуй за вашу падтрымку і добрыя пажаданні ўчора ўвечары і сёння раніцай".
17 ліпеня брытанскія музыкі ў межах Global Spirit Tour мусілі выступіць у "Мінск-Арэне". Аднак праз раптоўнае кішэчнае расстройства фронтмэна гурта Дэйва Гаана канцэрт давялося адмяніць. Цяпер каманда шукае варыянты пераносу мінскага шоу на іншую дату. У найгоршым выпадку канцэрт будзе адменены.