Вакаліста Depeche Mode выпісалі з мінскай бальніцы

Вакаліста Depeche Mode выпісалі з мінскай бальніцы

Вакаліста славутага брытанскага гурта Depeche Mode Дэвіда Гаана выпісалі з 9-й бальніцы Мінска. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў галоўны ўрач установы Валерый Кушнірэнка. Але што здарылася са знакамітым музыкам ён не паведаміў, спаслаўшыся на медыцынскую таямніцу.

“Наколькі я ведаю, у іх 19 ліпеня канцэрт у Кіеве, — гаворыць Валерый Кушнірэнка. – Я думаю, што ўсё будзе ў парадку. Але я не дырэктар, і не мне вырашаць”.

Па словах галоўнага лекара, персанал 9-й бальніцы паставіўся да ўдзельніка Depeche Mode прафесійна, аўтографаў ніхто не браў і не фоткаўся.

Нагадаем, канцэрт Depeche Mode павінен быў адбыцца ў "Мінск-Арэне" 17 ліпеня. Аднак літаральна за гадзіну да выступу яго адмянілі праз хваробу фронтмэна Дэйва Гаана. Паводле непацверджанай інфармацыі, у Дэвіда пачаліся праблемы са страваваннем. Парталу tut.by невядомая крыніца з бальніцы паведаміла, што музыку паставілі дыягназ “мезадэніт” — запаленне лімфатычных вузлоў брыжэйкі кішэчніка, якое суправаджаецца інтаксікацыйным сіндромам і болямі ў вобласці жывата.

Еўрарадыё паразмаўляла з прыхільнікамі гурта, якія да апошняга не маглі паверыць, што адмена не жарт і чакалі куміраў каля “Мінск-Арэны”. Ці будзе канцэрт перанесены і якім чынам можна будзе вярнуць грошы за квіткі, арганізатары абяцаюць паведаміць цягам бліжэйшага тыдня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі