Шрайбман: пасля заявы Пуціна ў нейкім сэнсе Беларусі можна выдыхнуць

Шрайбман: пасля заявы Пуціна ў нейкім сэнсе Беларусі можна выдыхнуць

15 студзеня расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін у пасланні федэральнаму сходу заявіў пра планы перапісвання Канстытуцыі РФ праз рэферэндум. Прэзідэнт падзеліцца паўнамоцтвамі з парламентам, а Дзяржсавет стане канстытуцыйным органам. Галоўны рэдактар радыёстанцыі "Эхо Москвы" Аляксей Венедыктаў адразу ж адзначыў у Telegram, што "гісторыя з Дзяржсаветам" для Пуціна — "рэзервовая" ў сітуацыі з праблемай яго захавання ва ўладзе. 

"Цяпер нават панікёрам стане зразумела, што варыянт саюзнай дзяржавы не разглядаецца і наўрад ці калі-небудзь сур'ёзна разглядаўся як прыярытэтны для забеспячэння транзіту ўлады на пасадзе прэзідэнта, — кажа ў каментары Еўрарадыё беларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — Замест гэтага ён створыць пад сябе Дзяржсавет і аслабляе функцыю прэзідэнта. Гэты 2024 год будзе праходзіць праз ўнутраныя змены ў Расіі, а не праз нейкія знешнепалітычныя прыгоды".

Шрайбман: пасля заявы Пуціна ў нейкім сэнсе Беларусі можна выдыхнуць
Арцём Шрайбман / Еўрарадыё

Меркавалася, што адным з варыянтаў захавання ўлады ва Уладзіміра Пуціна можа быць "паглыбленне інтэграцыі" Беларусі і Расіі аж да аб'яднання, стварэнне наднацыянальных органаў і г. д. А гэта азначала б страту незалежнасці Беларуссю.

"У нейкім сэнсе Беларусі можна выдыхнуць, — працягвае Шрайбман. — Але цяпер гэта азначае, у адносінах паміж Расіяй і Беларуссю нашмат больш будзе дамінаваць вось гэтая бухгалтарская жорсткая фінансавая лінія ў адносінах. Мінск зараз не столькі прымушаюць ў каханні, колькі адразаюць ад забеспячэння. І нейкія пацалункі, угаворы, што камусьці яшчэ ў Маскве цікава думаць пра Беларусь як пра важнага псіхалагічнага саюзніка, вось гэтыя надзеі павінны спадаць. Вядома, Маскве не стане абсалютна ўсё роўна на тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы трапляем у сітуацыю, калі Масква ператвараецца ў такога "калектыўнага Бабіча" (Міхаіл Бабіч — былы пасол Расіі ў Беларусі, у якога не склаліся адносіны з кіраўніцтвам нашай краіны — Еўрарадыё).

Арцём Шрайбман мяркуе, што прапанова Пуціна па зменах у Канстытуцыі Расіі нагадвае нядаўні сцэнар перадачы ўлады ў Казахстане.

"Але ў той канфігурацыі, якую цяпер абмаляваў Пуцін — у кіраўніка Дзяржсавета, якім ён падобна хоча стаць, будзе менш паўнамоцтваў, чым у Назарбаева, — гаворыць палітычны аглядальнік. — Пуцін хутчэй стварае нешта больш плюралістычнае. Таму што Назарбаеў па факце захоўвае за сабой усе ключавыя рычагі кіравання краінай, ён проста называецца па-іншаму. І, вядома, пераемнік Назарбаева паціху напрацоўвае сваю палітычную вагу. Але ў выпадку з Пуціным — ён не сыходзіць далёка, але па факце робіць сістэму крыху больш за выраўненай, без цара-фараона наверсе. Прэзідэнт будзе аслаблены, урад будзе больш залежаць ад парламента, у прэзідэнта застануцца паўнамоцтвы ў сілавых органах, і Савет Федэрацыі будзе больш актыўна падключацца да прызначэння сілавікоў і Дзяржсавет пакуль з няяснымі функцыямі будзе, відаць, за ўсім гэтым назіраць. Крышачку іншая рамка, але ўвогуле шлях абсалютна той жа. Не ўцячы зусім але і не застацца. Я думаю, што плюс-мінус пра падобны сцэнар разважае Лукашэнка, калі ён кажа аб канстытуцыйных зменах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі