Што можа абараніць Беларусь, калі Пуцін захоча ўдарыць адсюль ядзернай зброяй?

Комплекс "Іскандэр" / Mil.ru
Комплекс "Іскандэр" / Mil.ru

Прызнанне Беларусі акупаванай магло б абараніць краіну ад адказу на магчымы ўдар з яе тэрыторыі тактычнай ядзернай зброяй, лічыць палітычны аналітык Павел Усаў.

Раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін казаў, што перадасць Беларусі тактычную ядзерную зброю — без перадачы кантролю над ёй.

— Гэта гібрыдны трук. Вінаватыя ў выкарыстанні ядзернага ўзбраення будуць, напрыклад, беларускія лётчыкі ці беларускія аператары сістэмы “Іскандэр”. Яны, можа, нават не будуць ведаць, што за боегалоўкі размешчаныя на ракетах “Іскандэр”. Жудасны план Пуціна. Але магчымы адказ краін NATO ці Украіны будзе па Беларусі. Не па Расіі.

Відавочна, Пуцін разлічвае на тое, што Беларусь не прызнаюць акупаванай дзяржавай.

Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны пішуць, што рызыка перарастання вайны ва Украіне ў ядзерную застаецца вельмі нізкай. У тым ліку і таму, што ніякай тактычнай перавагі размяшчэнне ракет у Беларусі Пуціну не дае — ён і цяпер мог бы дацягнуцца да кожнай значнай для сябе мэты. Але Павел Усаў мае больш алармісцкі настрой.

— Ці зможа Расія выкарыстаць ядзерную зброю? Ніякіх перашкодаў я не бачу. Калі гаворка вядзецца пра выжыванне расійскага рэжыму, тады ў момант канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў на пэўных кірунках перад контрнаступам Расія можа выкарыстаць ядзернае ўзбраенне. Але не з тэрыторыі Расіі, а пад прыкрыццём Лукашэнкі, — лічыць Усаў.
 

Гэта магло адбыцца раней

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны мяркуюць, што Пуцін спрабаваў размясціць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі яшчэ да ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Яны нагадваюць, што Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Расіі размясціць яе яшчэ ў лістападзе 2021 года. А ў лютым 2022 года ў Беларусі прайшоў канстытуцыйны рэферэндум, пасля якога з галоўнага закона краіны знік пункт, які аб'яўляе Беларусь нейтральнай краінай.

“Пуцін, напэўна, устрымаўся ад разгортвання зброі ў Беларусі на пачатку ўварвання 2022 гады, каб захаваць магчымасць размясціць яе ў межах будучай расійскай інфармацыйнай аперацыі па маніпуляванні Захадам”, — мяркуюць аналітыкі.

Выступіць з такімі заявамі менавіта цяпер Пуцін мог для таго, каб падкасіць маральны дух украінцаў і іх надзеі на падтрымку Захаду, лічаць у Інстытуце.

Што яшчэ сказаў Павел Усаў — глядзіце тут

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі