“Што вы зрабілі з чалавекам?” Палітвязень трапіў у псіхіятрычную бальніцу
Юрый Кавалёў / spring96
У ліпені павінен быў скончыцца другі тэрмін Юрыя Кавалёва. Адзін год калоніі мужчына атрымаў "за абразу Лукашэнкі".
Яшчэ адзін год дадаўся ўжо ў калоніі дзякуючы наглядчыкам. Юрыя абвінавацілі ў "непадпарадкаванні" законным патрабаванням адміністрацыі. Але замест калоніі адправілі на псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу. Эксперт вызначыў, што Кавалёў "пакутуе на змяшаны разлад асобы" і біпалярны разлад.
Пасля доўгіх тыдняў знаходжання ў штрафных ізалятарах Юрыя не адпусцілі, а адправілі ў псіхіятрычны стацыянар з узмоцненым назіраннем.
Гісторыю Юрыя расказвае яго сын, Арцём Кавалёў, які здолеў уцячы з Беларусі і пераехаць у Польшчу. Ён не бачыў бацьку паўгода. Мінулым разам пасля спаткання з ім у псіхіятрычнай клініцы Арцём плакаў. Сам Юрый плакаў падчас спаткання, у яго трэсліся рукі і калені.
Злосны парушальнік з незашпіленым гузікам
— Як бацька трапіў у калонію? У 2021 годзе ён пайшоў праходзіць камісію на пасведчанне кіроўцы. Доктар-псіхіятр у кабінеце пачала нешта правакацыйнае казаць пра Ціханоўскую, абражаць яе. Ён у адказ абразіў Лукашэнку. І доктарка запісала гэта на дыктафон, — расказвае Арцём.
За час адседкі яго бацьку адпраўлялі то ў штрафны ізалятар, то ў памяшканне камернага тыпу. Арцём некалькі разоў ездзіў праз усю Беларусь з Чачэрска ў Ваўкавыск, каб перадаць яму перадачу, але перадачы не прымалі цэлы год.
Што адбывалася на судзе, ніхто не ведае — яго зрабілі закрытым. Сваякам проста сказалі, што Юрыю прызначылі прымусовае лячэнне "ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем". У палаты з узмоцненым наглядам кладуць шалёных пацыентаў, да іх прыстаўляюць санітараў з кругласутачным наглядам.
— Спачатку бацьку адправілі ў Навінкі. Першы час, калі я прыязджаў да яго, гэта быў яшчэ здаровы чалавек. Проста вельмі худы — але здаровы і духам моцны. Потым у бальніцы абвясцілі каранавірус, і туды перасталі дапускаць наведвальнікаў.
У лютым 2023 года яго перавялі ў іншую клініку. Нарэшце мы прыехалі на спатканне, і жонка была ў жаху і слязах. Яна крычала: "Што вы зрабілі з чалавекам?"
Карціна была страшная. У бацькі трэсліся рукі, калені. Слёзы з вачэй. Яго запічкалі таблеткамі. Мне было вельмі страшна на гэта глядзець. Я памятаю яго здаровым чалавекам — і фізічна, і маральна. А праз паўгода бачу іншага чалавека.
Тое, што яны не змаглі зрабіць на зоне, яны зрабілі медыкаментамі. Я ніколі не баяўся сесці, пакуль не ўбачыў, што зрабілі з бацькам.
Я трымаўся пры ім, але калі выйшаў адтуль, у самога слёзы з вачэй пакаціліся.
Арцём кажа, што пасля ўколаў у бацькі пачалася арытмія і бессань. Рухі, гаворка — усё запаволілася.
— Раней ён шмат чытаў, а цяпер не можа сканцэнтравацца.
Там няма прагулак. Трыццаць-сорак чалавек знаходзяцца ў адной палаце. Гэта найцяжэйшая абстаноўка — вакол ляжаць людзі з сур'ёзнымі хваробамі, і гэта страшна цісне.
З канца лютага Арцём не бачыў бацьку. Гэтай вясной яму давялося ўцякаць з Беларусі — літаральна праз акно бальніцы. Цяпер ён знаходзіцца ў бяспецы ў Польшчы.
— Я вырашыў, што буду гаварыць пра гэта. Таму што які б загад ні ішоў зверху, выконваюць яго людзі на месцах. Хай кожны, хто пойдзе ставіць яму ўкол або падпіша паперку ў камісіі, ведаюць: яны здзяйсняюць злачынства.
Ведаеце, наш Чачэрск — маленькі горад. Сапраўды, усе сайты заблакаваныя, але пра маё мінулае інтэрв'ю ўсе размаўляюць — значыць, праўда да іх даходзіць. Дык няхай ведаюць, што ўсё, што яны робяць, — усё навідавоку, пра ўсё людзі памятаюць.
Што будзе, калі нейралептыкі прыме здаровы чалавек?
Калі мы коратка пераказалі гэтую гісторыю псіхіятру Вользе [мы змянілі яе імя з меркаванняў бяспекі], яна перапытала:
— Гэта што, карная тэрапія пад'ехала?
Мы шчыра адказваем ёй: не ведаем. Некалькі дактароў, да якіх мы перад гэтым звярнуліся па каментары, сказалі, што адназначнага адказу без размовы з самім Юрыем даць не змогуць. Нельга выключаць, што стан чалавека пагоршыўся ў ШІЗА.
Калі мы думалі, што турма — самая закрытая ўстанова, у якую можа трапіць палітвязень, мы забыліся на псіхіятрычную клініку.
Дакументаў з псіхіятрычнай экспертызы на руках у сваякоў няма — выдаць іх адмовіліся.
Калі пажылая маці Юрыя Кавалёва напісала заяву, у якой прасіла прызначыць яе законным прадстаўніком сына, ёй адмовілі "з прычыны адсутнасці для гэтага законных падстаў і для выключэння працэсуальнай цяганіны, выключэння вашых паездак у згаданы суд на вялікую адлегласць у зімовы час".
Законным прадстаўніком бацькі спрабаваў стаць і Арцём — але і яму суд адмовіў. У выніку законным прадстаўніком Юрыя прызначылі "службовую асобу" РНПЦ псіхічнага здароўя.
Адзінае, што змог высветліць Арцём пра лячэнне бацькі, — назву медыкаментаў, "Клапіксол ДЭПО". Гэта нейралептык, які ўжываюць пры вострай і хранічнай шызафрэніі і іншых псіхіятрычных разладах.
— Але калі нейралептыкі прыме здаровы чалавек, то ў яго разаўецца стан нейралепсіі, — кажа псіхіятр Вольга. — Нейралепсія — стан арганізма, які характарызуецца зніжэннем рухальнай і псіхічнай актыўнасці, у чалавека развіваецца абыякавасць да навакольных. Для здзяйснення любога дзеяння патрабуецца большае валявое намаганне. Назіраецца збядненне перажыванняў і творчай прадукцыйнасці, змяншэнне колькасці асацыяцый.
На псіхалагічна-псіхіятрычнай экспертызе Юрыю паставілі два дыягназы: пагранічны разлад асобы і біпалярны разлад. Мы спыталі Вольгу, ці патрабуецца шпіталізацыя пры такіх дыягназах:
— Пагранічны разлад асобы мае вялікая колькасць людзей. Стацыянарнага лячэння ён не патрабуе, ды і амбулаторнага таксама. Хіба што самому чалавеку дыскамфортныя яго паводзіны ці самаадчуванне.
А вось біпалярны афектыўны разлад — гэта цяжкае захворванне. Ён лечыцца ў стацыянары, потым — амбулаторна. Ёсць фаза дэпрэсіі, а ёсць фаза маніі/гіпаманіі. У дэпрэсіі чалавек небяспечны для сябе, а ў маніі/гіпаманіі — як для сябе, так і для навакольных.
Вольга некаторы час практыкавалася ў мінскім РНПЦ псіхіятрыі і прызнаецца, што для яе стала б навіной адраджэнне ў Беларусі карнай медыцыны.
— Але ж у РНПЦ працуюць розныя дактары — не толькі найлепшыя.
“Малайчына, што не здаўся. Паглядзі, што са мной зрабілі”
У Арцёма двое дзяцей. Старэйшая дачка разам з бабуляй хадзіла праведаць дзеда.
— Мама расказвала, ён размаўляў з імі. Бацька пры розуме — яго не абалванілі. Проста гаворка затарможаная. Але ён разумее, дзе ён. І яму ад гэтага кепска. Слёзы з вачэй, эмоцыі наросхрыст. Разумее, што нічога зрабіць не можа, што змагацца з гэтым не можа.
Калі пра мяне загаварыў, маці кажа, рукі закалаціліся. Сказаў — малайчына, што не здаўся. Паглядзі, што са мной зрабілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.