Шуневіч — пра забойства ў Бабруйску: ёсць пытанні да міліцыянтаў
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч расказаў журналістам, як ідзе расследаванне двайнога забойства ў Бабруйску, перадае tut.by.
Міністр паведаміў, што цяпер па крымінальнай справе ідзе папярэдняе расследаванне. Каментаваць акалічнасці злачынства Шуневіч адмовіўся, бо ацэнку і збор доказаў вядзе следства. Забойства ён назваў побытавым злачынствам. "Прычынай здарэння быў чалавечы фактар. Ёсць такая навука віктымалогія — пра паводзіны ахвяры. Вось у гэтай частцы якраз і асноўныя моманты злачынства" — заявіў ён.
Разам з тым, заявіў міністр, ёсць пытанні і да супрацоўнікаў міліцыі. "Будзе праводзіцца расследаванне, у тым ліку службовае, з пункту гледжання прафілактыкі, кантролю за паводзінамі асоб, якія раней здзяйснялі злачынствы", — удакладніў ён.
У СМІ выказваліся меркаванні, ці магла міліцыя прыбыць на выклік раней і прадухіліць забойсіва. Шуневіч заявіў, што на першы погляд яго падначаленыя зрабілі ўсё правільна: выбылі на выклік у адпаведнасці з часавымі нормамі, актыўна вялі вышук на месцы злачынства. "Але вы ведаеце, у сілу чаго не змаглі патрапіць туды своечасова. Разам з тым, мяркую, нам варта яшчэ раз задумацца, перагледзець прафесіяналізм выбываючых следча-аператыўных груп і магчымасць больш эфектыўна прадухіляць падобныя правапарушэнні", — дадаў ён.
20 ліпеня ў адной з кватэр у Бабруйску былі забітыя дзве дзяўчыны: адну зарэзалі нажом, другую забілі малатком. Перад смерцю адна з іх паспела затэлефанаваць у міліцыю і сказаць, што іх хочуць забіць, але не назвала дакладны адрас. Паводле інфармацыі следства, 26-гадовая бабруйчанка і яе 27-гадовая знаёмая адпачывалі ў кавярні "Прэстыж". Там яны пазнаёміліся з мужчынам і паехалі з ім дадому на таксоўцы.
Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку неўзабаве затрымалі падазраванага — 36-гадовага бабруйчаніна. Па словах праваахоўнікаў, ён непрацуючы, раней судзімы. Падчас затрымання мужчына быў нецвярозы.