Шушкевіч: Досвед Мазавецкага для Беларусі не прыдатны
Першы кіраўнік посткамуністычнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч быў асабіста знаёмы з першым прэм'ерам новай Польшчы Тадэвушам Мазавецкім.
Нагадаем, што Мазавецкі памёр на 87-м годзе жыцця. У каментары Еўрарадыё Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што Польшча мусіць быць вельмі ўдзячная Мазавецкаму:
Шушкевіч: "Гэта быў мудры і спакойны палітык. Мне здаецца, што ён так дапасоўваў да дзеянняў Леха Валэнсы, што лепшай камбінацыі нельга было і прыдумаць. У эканоміцы ён пайшоў па шляху Бальцэровіча. Гэта быў мудры, спакойны, разважлівы палітык, якому Польшча павінна быць многім абавязана. Я шчыра сумую з нагоды яго адыходу ў іншы свет".
Дарэчы, Мазавецкі быў адным з ініцыятараў палітычнага "Круглага стала", які прывёў польскую апазіцыю да ўлады. Аднак Станіслаў Шушкевіч лічыць, што гэты досвед польскага палітыка для Беларусі не прыдатны:
Шушкевіч: "У польскім камуністычным заканадаўстве былі запісаны пэўныя дэмакратычныя прынцыпы. Яны не выконваліся. Але можна было ісці па гэтым шляху, калі настойліва патрабаваць іх выканання. У нас, калі вы ўважліва вывучыце Канстытуцыю... Канстытуцыя ў нас бароніць адну асобу — прэзідэнта. Ніякі Канстытуцыйны суд, ніхто не можа зрабіць што-небудзь іншае".
Фота Тадэвуша Мазавецкага — wikipedia.org