Швейцарскі беларус абверг тлумачэнне МЗС Польшчы наконт помніка Касцюшку

Швейцарскі беларус абверг тлумачэнне МЗС Польшчы наконт помніка Касцюшку

Намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега абверг заявы МЗС Польшчы наконт помніка Тадэвушу Касцюшку.

Як паведамлялася раней, беларуская арганізацыя хацела паставіць помнік славутаму ўраджэнцу Беларусі ў Залатурне, дзе ён памёр. Для гэтага былі сабраныя грошы і зробленая скульптура. Аднак у апошні момант мясцовая мэрыя зняла беларускамоўны надпіс з помніка і прыбрала згадкі пра паходжанне Касцюшкі з Беларусі. Гэта было зроблена з ініцыятывы польскай амбасады, якая пратэставала супраць згадак пра паходжанне Касцюшкі з Беларусі. 

МЗС Польшчы пазней выступіла з афіцыйнай заявай. У ёй сцвярджалася, што Касцюшка — "універсальны герой чалавецтва". Таксама польскі бок выступіў супраць таго, што на помніку не ўзгадвалася сувязь Касцюшкі з Польшчай. Гэта было названа непрымальным.

Аляксандар Сапега даслаў Радыё "Свабода" копіі лістоў аб супрацы, якія ён некалькі месяцаў дасылаў у польскую амбасаду ў Бэрне. На яго думку, МЗС Польшчы, магчыма, не валодае поўнай інфармацыяй.

Сапега кажа, што першы ліст аб супрацы ва ўсталяванні помніка Касцюшку даслаў яшчэ ў кастрычніку 2016 года, але восем месяцаў не атрымліваў ніякага адказу на прапанову. Адказ ад дыпламатаў прыйшоў толькі 26 ліпеня 2017 года: Сапегу прапанавалі сустрэчу. Прычым адказ быў дасланы, як кажа Сапега, пад ціскам Фонду Касцюшкі ў Кракаве і аднаго з дэпутатаў польскага Сейма. 

На сустрэчы ў польскага пасла Сапегу прапанавалі змясціць на помніку шыльду з імем і прозвішчам Тадэвуша Касцюшкі, не згвадваючы пра "сына Беларусі".

"МЗС сёння называе яго ўніверсальным героем. Але чаму тады Польшча не пратэстуе, што на многіх помніках Касцюшкі напісана "Сын Польшчы"? А ці не супярэчыць гэта іх жа ўласным словам?" — задае пытанні швейарскі беларус.

Ён нагадвае, што на помнік Касцюшку сабралі грошы толькі беларусы. Адкрыццё скульптуры запланаванае на 21 кастрычніка. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі