Сілавікі ўварваліся на Майдан
Раніцай спецпадраздзяленні міліцыі пачалі чарговую атаку на пратэстоўцаў.
Як паведамляе "Украінская праўда", сілавікі выкарыстоўваюць вадамёты і святлошумавыя гранаты. Яны прарваліся да стэлы Незалежнасці і спрабуюць пашырыць плацдарм. Пратэстоўцы супраціўляюцца, кідаюць камяні і "кактэйлі Молатава". Загарэліся яшчэ некалькі намётаў.
Нагадаем, тысячы сілавікоў позна ўвечары ў аўторак узялі ў аблогу Майдан Незалежнасці, на якім у той момант знаходзілася каля 15-20 тысяч чалавек. Адбыліся сутыкненні, пратэстоўцы адбілі некалькі атак "Беркута", спалілі "кактэйлямі Молатава" БТР, некалькі вадамётаў, спецпадраздзяленнямі ўжывалася агнястрэльная зброя. Ахвяры былі з абодвух бакоў — дзесяткі загінулых, больш тысячы параненых. Уначы проста на сцэне Еўрамайдана быў паранены аскепкам у твар намеснік старшыні апазіцыйнай парламенцкай фракцыі "Бацькаўшчына" Аляксандр Турчынаў.
Тым часам у Львове, Тэрнопалі, Івана-Франкоўску пратэстоўцы захапілі будынкі абласных адміністрацый і міліцыі, а ў Роўне штурмавалі базу "Беркута". Людзі з рэгіёнаў краіны едуць у Кіеў на дапамогу заблакаваным пратэстоўцам.
Перамовы лідара апазіцыйнай партыі "УДАР" Віталя Клічко і прэзідэнта Віктара Януковіча праваліліся.
Фота — Reuters і з сацыяльных сетак