Сілавікі "за карупцыю" затрымалі 14 прадстаўнікоў аграсектара

Затрыманне інжынера сельгаспрадпрыемства "Александрыйскае" / тэлеканал АНТ

Затрыманне інжынера сельгаспрадпрыемства "Александрыйскае" / тэлеканал АНТ / Телеканал ОНТ

Пра затрыманне 14 супрацоўнікаў аграсектара Беларусі паведаміў тэлеканал АНТ. Затрыманых падазраюць у карупцыі — куплі за адкаты запчастак для тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў гаспадарках. Пастаўшчык запчастак — прыватная фірма з Мінска. Затрыманні праводзіліся па ўсёй краіне. У Магілёўскай вобласці, да прыкладу, сілавікі прыйшлі да інжынера сельгаспрадпрыемства "Александрыйскае". Аграгарадок Александрыя — гэта малая радзіма Аляксандра Лукашэнкі. Падчас затрымання мужчына адмаўляў віну, казаў, што ў кішэні — адпускныя, якія ён зняў з банкаўскай карты. Купюры былі пазначаныя, сцвярджае тэлеканал.

Сярод затрыманых — таксама начальнік транспартнага ўчастка "Аграмаза" (даччынае прадпрыемства "МАЗ"), галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства "Барсеева" ў Лёзненскім раёне, службовыя асобы гаспадаркі "Дабаснянскае" Кіраўскага раёна, прадпрыемствы "Імянінскі" Драгічынскага раёна. Адзін з фігурантаў падчас затрымання прызнаўся, што ён дэпутат. Праўда, у сюжэце тэлеканала не ўдакладнілі, якога ўзроўню. 

"Памер хабару вар'іраваўся ў межах ад 8 да 12% ад аплачанага аб'ёму паставак", — кажа намеснік начальніка ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Брэсцкага аблвыканкама Расціслаў Лявай. Паводле яго слоў, хабар прадстаўнікам гаспадарак перадавалі праз кіроўцаў маршрутных таксі альбо пераводзілі на асабістыя карт-рахункі.

Пры гэтым галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства "Барсеева" кажа, да прыкладу, што ўсе адкаты пускаў на аплату штрафаў за выпуск тэхнікі без тэхагляду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі