СК падазрае блогера Матольку ў стварэнні і кіраванні экстрэмісцкай групай
Следчы камітэт рыхтуе дакументы, каб абвясціць блогера Антона Матольку ў міждзяржаўны вышук. На яго пачалі крымінальную справу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Следчыя разам з супрацоўнікамі ГУБАЗіК сцвярджаюць, што Матолька мае дачыненне да наступных злачынстваў:
— масавыя беспарадкі;
— узбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці;
— арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак;
— стварэнне экстрэмісцкага фарміравання;
— дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.
Прэс-служба СК заяўляе, што гэтыя злачынствы Матолька ўчыніў праз свой тэлеграм-канал. А дапамогу Матолькі адміністратарам дваровых чатаў следчыя ахарактарызавалі як стварэнне экстрэмісцкага фармавання.
"Акрамя гэтага, дзейнічаючы па папярэдняй змове з невыяўленымі асобамі, знаходзячыся па-за межамі Рэспублікі Беларусь, з мэтай ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці А. Матолька аб'яднаў экстрэмісцкія групы (так званыя "дваровыя чаты"), стварыў экстрэмісцкае фармаванне і кіруе ім. Сваімі дзеяннямі ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў паведамленні СК.
Таксама следчыя прыгразілі адміністратарам дваровых чатаў крымінальнай адказнасцю — як за стварэнне экстрэмісцкага фармавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.