Скандал: Вынікі аўкцыёну па продажы карцін Сафронава перабольшылі?
Сам мастак распавёў Еўрарадыё пра мільён долараў выручкі. Прысутныя на аўкцыёне кажуць пра 40 тысяч еўра і ўсяго тры прададзеныя карціны.
Расійскі мастак Нікас Сафронаў, які назваў легендарнага Казіміра Малевіча “шарлатанам” і напісаў партрэт Лукашэнкі ў вобразе Скарыны, паспрабаваў распрадаць свае карціны ў Мінску. Вынікі мерапрыемства выглядаюць скандальна.
Паведамлялася, што падчас аўкцыёну купілі ажно 20 карцін з 23. То бок, сітуацыю выставілі так, што лоты разбіралі, як далікатэсы ў савецкіх крамах за гадамі перабудовы.
Праўда ж аказалася менш феерычнай, сцвярджаюць людзі, якія прысутнічалі на аўкцыёне.
“Было прададзена толькі тры палотнішчы, а не 20, і тыя па мінімальным кошце. Пры гэтым, я была на аўкцыёне ад пачатку да канца”, ― паведамляе Еўрарадыё Алена Танкачова, праваабаронца і аматар выяўленчага мастацтва.
Еўрарадыё: Паведамлялася, што, партрэт Мулявіна быў прададзены ажно за 32 тысячы еўра. Ці праўда гэта?
Алена Танкачова: “Не, роўна за 5 тысяч еўра. Гэта быў мінімальны кошт. Па ім твор і быў прададзены. Аўкцыён скончыўся, і ўсе спусціліся на фуршэт. Праз 15 хвілін я сышла. Можа, пасля майго сыходу нешта адбылося і карціны нейкім чынам прадалі…”
Еўрарадыё звярнулася да некалькіх аўтарытэтных беларускіх калекцыянераў, каб даведацца і пра аўкцыён, і пра папулярнасць Нікаса Сафронава ў коле прафесіяналаў. Адна з крыніц (дадзеныя ёсць у рэдакцыі, але імя і прозвішча чалавек без патрэбы папрасіў не называць) пацвердзіла словы Алены Танкачовай:
“Знаёмы быў на аўкцыёне. Ведаю, што былі прададзеныя тры працы агульным коштам каля 40 тысяч еўра. А тое, пра што казалася на прэс-канферэнцыі, няхай застанецца на сумленні аўтараў”.
Звяртаемся да людзей, якія арганізавалі феерычны продаж карцін.
“20 лотаў было прададзена”, ― адрэзаў Андрэй Бярэзін, дырэктар антыкварна-аўкцыённага дома “Парагіс”.
Еўрарадыё: Людзі, якія прысутнічалі на аўкцыёне, кажуць усяго пра тры карціны…
Андрэй Бярэзін: “Паслухайце, калі вы пішаце артыкул, ёсць розныя водгукі ― станоўчыя і адмоўныя. Вы па кожным водгуку разбіраецеся ці што?”
На гэтым гутарка была скончаная.
Начальнік аддзела PR і камунікацый “Альфа-Банка” Віталь Жаголкін пра канкрэтныя лічбы паведамляць не стаў, маўляў, удзел яго ўстановы абмежаваўся “павешаным банерам”. Дарэчы, на сайце банка інфармацыі пра колькасць прададзеных карцін таксама няма.
Антыкварна-аўкцыённы дом "Парагіс" у "Прэзідэнт-Гатэлі"
Праўду лёгка раскрыць, прааналізаваўшы лічбы?
На сайце “Прэзідэнт-Гатэля” (у памяшканнях гэтай установы праходзіў аўкцыён) было напісана, што ўсе 23 выстаўленыя лоты каштавалі блізу 500 тысяч долараў.
У той жа час сам Нікас Сафронаў называе Еўрарадыё яшчэ больш грандыёзныя лічбы:
“Сума, па-мойму, каля мільёна долараў ці больш. Ну, з працэнтамі, ― паведамляе Нікас Сцяпанавіч. ― Аказалася даволі шмат кліентаў, якія захацелі набыць карціны. Але гэтыя людзі ці то баяцца, ці то не хочуць рызыкаваць, ці то з пачуцця сціпласці…”
Інфармацыя пра аўкцыён на сайце "Прэзідэнт-гатэля". Лічбы адрозніваюцца ад тых, якія называе сам Нікас Сафронаў і людзі, што прысутнічалі на аўкцыёне.
На ўсялякі выпадак звязваемся са сталічнай Мастацкай галерэяй Міхаіла Савіцкага, дзе непасрэдна перад аўкцыёнам праходзіла выстава Нікаса Сафронава. Можа, карціны распрадаваліся там? Аказалася, не.
“Ён 4 траўня з’ехаў ад нас (за дзень да аўкцыёна, ― заўв. Еўрарадыё). Выстава была з 19 сакавіка, ― распавядаюць Еўрарадыё ў Мастацкай галерэі. ― Карціны ў нас не прадаваліся, гэта была звычайная выстава. А пра астатняе мы гэтак жа сама чулі, як і вы”.
Гуру выяўленчага мастацтва: “Сафронаў ― гэта папса”
Гучала інфармацыя са спасылкай на міністра культуры, што, магчыма, карціну Нікаса Сафронава купіць наш Нацыянальны мастацкі музей. Можа быць, гэтую ўстанову і замаскіравалі пад “багатых пакупнікоў”?
“Па-першае, я не збіраюся купляць ніякі твор Нікаса Сафронава. Ён не патрэбны мне і задарма, ― рэзка каментуе інфармацыю Уладзімір Пракапцоў, гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея. ― А па-другое, у нас ляжыць замова на 800 мільёнаў рублёў на набыццё беларускіх мастакоў з персанальных калекцый. Я бачыў гэтую выставу (Нікаса Сафронава, ― заўв. Еўрарадыё), і ў мяне ёсць сваё меркаванне наконт аўтара. Можна было б мець у музеі неблагі малюнак Уладзіміра Мулявіна. Але ўсё астатняе ― гэта, прабачце, папса. У нас ёсць што закупляць за дзяржаўныя грошы”.
Праз кіраўніка Саюза мастакоў Беларусі Рыгора Сітніцу таксама спрабуем знайсці таемных пакупнікоў карцін Нікаса Сафронава. Усё ж людзі выдалі за творы расійскага мастака агромістыя па беларускіх мерках грошы.
“Лічу, што ў нас няма такіх пакупнікоў, якія б на мільён долараў ці еўра набылі карцін. Па-мойму, гэта абсалютная лажа, ― выказваецца Рыгор Сітніца. ― Але настолькі распіяранае гэта імя, што спыніць гэта проста немагчыма. Ну, цяпер кан’юнктура такая ― на папсу”.
***
Такім чынам, феерычныя вынікі аўкцыёну па продажы карцін Нікаса Сафронава ― гэта ці няўдалая пастаноўка, ці падзея, якая можа зацікавіць праваахоўныя органы. Раз людзі баяцца прысутнічаць на аўкцыёне але купляюць такія дарагія карціны, можа, ім ёсць што хаваць?
Загалоўнае фота ўзята з сайта alfabank.by, а партрэт Мулявіна з naviny.by