Скандальны арбітр Сяргей Шмолік: “Мяне пакаралі горш за забойцу”
Мінулым летам “п’янага” беларускага арбітра паказалі па TV на ўвесь свет. Роўна праз год пасля дыскваліфікацыі герой тых падзеяў расказаў Еўрарадыё пра сваё гаротнае жыццё
Унікальны інцыдэнт, які праславіў беларускі футбол на ўвесь свет, здарыўся 5 ліпеня мінулага года ў 13-м туры нацыянальнага чэмпіяната па футболе. Гулялі “Віцебск” і наваполацкі “Нафтан”. Брэсцкі арбітр Сяргей Шмолік перастаў бегаць за футбалістамі і проста стаяў, хістаючыся, у цэнтры поля, часам дэманстратыўна махаючы рукой заўзятарам. Калі матч скончыўся, пакінуць поле самастойна Шмолік таксама не змог. Яго пад рукі вывеў адміністратар каманды “Віцебск”. Роўна год таму скандальнага арбітра дыскваліфікавалі пажыццёва. Высветлілася, што ў крыві Шмоліка пасля тае гульні знайшлі 2,6 праміле алкаголю (цяжкая ступень ап’янення).
Скандальны арбітр Сяргей Шмолік адмаўляецца сустракацца з журналістамі. Паразмаўляць з арбітрам днямі не змаглі журналісты расійскіх тэлеканалаў. Еўрарадыё ўдалося разгаварыць суддзю, каб даведацца, ці па-ранейшаму ён звязаны з футболам, ці працуе ён яшчэ дзе-небудзь.
“Чаму не звязаны? Звязаны! Чаму працаваў? Працую!” — пакрыўдзіўся Сяргей Шмолік.
ЕРБ: “Настаўнікам фізкультуры звычайным?”
“Выкладчыкам ва ўніверсітэце”, — паправіў нас Сяргей Пятровіч.
Хоць на спартыўных форумах многія і называлі арбітра “сваім мужыком”, але ў цяжкую хвіліну яго падтрымалі толькі родныя. Пытаемся, ці па-ранейшаму ў яго сям’і пануе лад.
“Усё нармальна. Як і трыццаць два гады таму”, — каротка адказаў суддзя.
“У вас, падаецца, двое дзяцей?” — спрабуем удакладніць сямейнае становішча Сяргея Шмоліка.
“Падобна на тое, — іранізуе Сяргей Пятровіч. — Прытым ад жонкі. Маім дзецям 21 і 22 гады”.
Суддзя спрабуе трымацца бадзёра, але глухім вухам чуваць, што жыццём ён калі і задаволены, то не да канца.
ЕРБ: “Ці лічыце вы сябе шчаслівым чалавекам?”
Сяргей Шмолік: “Так”.
ЕРБ: “Гэта за кошт сям’і ці вы ў прынцыпе ўсім задаволены апроч таго, што вас адмежавалі ад футбола?”
Сяргей Шмолік: “Для мяне зараз знішчальная сітуацыя, што я зараз не магу маладых трэніраваць. У нас у Брэсцкай вобласці ёсць вельмі добрыя маладыя хлопцы. Мне ахвота папросту іх падняць”.
Высветлілася, што галоўная мара Сяргея Шмоліка — рыхтаваць маладых арбітраў. Але яму рабіць гэта адкрыта не дазволена з-за дыскваліфікацыі.
“Яны прыязджаюць, просяць — навучы, мы заплацім. Ды нічога не трэба мне плаціць, я вам і так падкажу, — расказвае пра навучанне маладых кадраў Сяргей Пятровіч і тут жа жаліцца на судзейскую калегію Беларускай федэрацыі футбола. — Забойцу на 15, на 20 гадоў у турму садзяць, а мяне яны пажыццёва. А я хлопцам хачу дапамагчы”.
Напрыканцы размовы напрамую пытаемся, ці піў Сяргей Пятровіч гарэлку перад матчам "Віцебск"-"Нафтан". Суддзя і сёння запэўнівае, што гэта паклёп.
“Спіна балела”, — адмахваецца Сяргей Шмолік.
ЕРБ: “Чаму вы тады махалі заўзятарам на трыбунах?”
Сяргей Шмолік: “Зараз цяжка сказаць”.
ЕРБ: “Чаму вам было так складана пакінуць поле?”
Сяргей Шмолік: “Ну вядома, дзве гадзіны адбегаць, а потым яшчэ і махаць рукой…”
Нагадаем, што ў адзіным інтэрв’ю, якое журналісты атрымалі ад Шмоліка адразу пасля дыскваліфікацыі, суддзя сказаў:
“Выпіў я пасля гульні толькі 100 грамаў і паўбутэлькі "джын-тоніка", каб зняць стрэс. Бегаць перастаў, бо спіна балела, рукой гледачам махаў, бо падчас гульні зразумеў: здароўе дрэннае, гэта мой апошні матч, трэба развітацца”.
Як нам удалося высветліць, Сяргей Шмолік сёння працуе выкладчыкам у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце (БрДУ). Прывівае фізічную культуру хлопцам.
“Нармальны мужык, выкладаў у мяне на першым курсе, — расказвае пра свайго былога педагога пяцікурснік Дзяніс Дзянісаў. — Нічога дрэннага пра яго сказаць не магу, залікі ставіў”.
У Беларускай федэрацыі футбола Еўрарадыё запэўнілі, што пасля дыскваліфікацыі трагедыі ў жыцці Сяргея Шмоліка не адбылося. Былы лепшы арбітр краіны змог прыстасавацца да сваёй жыццёвай сітуацыі.
У 2007 годзе Сяргей Шмолік быў прызнаны лепшым арбітрам краіны. Ён быў адным з рэдкіх беларускіх суддзяў, каго дапускалі абслугоўваць міжнародныя матчы. Шмолік быў арбітрам ФІФА.

Фота pressball.by