Скаргу на прысуд па справе “стылягаў на роварах” не задаволілі

Незвычайны велапрабег прайшоў яшчэ 17 жніўня. Тады па горадзе праехаліся стылягі — дзяўчаты ў сукенках у гарошак і маладыя людзі з прычоскамі ў стылі шасцідзесятых. Праз два тыдні, 2 верасня, арганізатара заезду Ірыну аштрафавалі за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства на 2 мільёны рублёў.

Юрыст Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Аляксей Казлюк, які прысутнічаў пры разглядзе касацыйнай скаргі, гаворыць, што гэта небяспечны інцыдэнт.

“Фактычна, зараз можна аштрафаваць арганізатараў абсалютна любога мерапрыемства, нават вяселля”, — гаворыць ён.

На думку Казлюка, у выпадку з арганізатарамі велапрабегу нельга гаварыць аб парушэнні закона “Аб масавых мерапрыемствах”, таму што раварысты не высоўвалі нейкіх палітычных патрабаванняў і ўвогуле ніякім чынам не выказвалі сваю грамадскую пазіцыю.

На пасяджэнні таксама раскрыліся некаторыя акалічнасці справы. Як аказалася, супрацоўнікі міліцыі даведаліся аб велапрабегу стыляг з інтэрнэта, калі пабачылі там фота з імпрэзы. Пасля чаго і напісалі рапарты аб правапарушэнні.

Цяпер арганізатары велапрабегу думаюць над далейшымі скаргамі. Дайсці з імі можна нават да Вярхоўнага суда.

Фота: TUT.BY

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі