Скэнлан: У Беларусі ёсць яшчэ тыдзень, каб выканаць стандарты АБСЕ

На сустрэчы з журналістамі кіраўнік дыпмісіі ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан звярнуў увагу на вынікі прамежкавай справаздачы Місіі АБСЕ. У ім прызнаецца, што Беларусь зрабіла пэўныя пазітыўныя крокі ў працэсе дэмакратызацыі. Асабліва гэта тычыцца працэсу збору подпісаў і магчымасці кандыдатам збірацца, сустракацца і агітаваць за сябе. У той жа час, удакладніў Скэнлан, амаль няма зменаў у адной з самых значных сфераў – у інфармаванасці насельніцтва. 


Як адзначана ў дакладзе, Беларускае тэлебачанне, асвятляючы выбары, большасць свайго часу прысвячае дзейнасці ЦВК і кіраўніка краіны. Толькі 14% часу надаецца кандыдатам ад апазіцыі, і гэтае асвятленне негатыўнае. Электарат дастаткова неінфармаваны. Гэта азначае, што ён не зможа зрабіць свядомы выбар.

Еўрарадыё пацікавілася ў сп. Скэнлана, колькі трэба зрабіць пазітыўных крокаў на фоне адмоўных, каб гэтыя выбары былі прызнаныя Захадам. Дыпламат адказаў, што да выбараў застаецца цэлы тыдзень. І падчас гэтага тыдня яшчэ існуе магчымасць зрабіць пазітыўныя крокі.
"АБСЕ вельмі канкрэтна абазначыла свае стандарты і пытанне ў тым, ці будуць яны ажыццяўляцца, яшчэ пакуль на дадзены момант застаецца адкрытым”, – канстатаваў дыпламат. 
Майкл Скэнлан ад імя ЗША выказаў спадзяванне, што выбары – гэта толькі частка вялікага працэсу дэмакратызацыі і што Беларусь стане на гэты шлях. Ён адзначыў, што пазіцыя ЗША была і будзе паслядоўнай.

Часовы Павераны Злучаных Штатаў шмат увагі надаў мемарандуму аб узаемаадносінах. Нагадаем, што яго нядаўна падпісалі дзяржаўны сакратар ЗША Хілары Клінтан і міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў.

Па словах Скэнлана, Злучаныя Штаты вельмі вітаюць тое, што высокаўзбагачаны ўран будзе вывезены з тэрыторыі Беларусі і заменены на нізкаўзбагачаны, які не могуць выкарыстоўваць тэрарысты. ЗША бярэ на сябе тэхнічную дапамогу для таго, каб гэты працэс прайшоў хутчэй і лягчэй. 
Пры гэтым ён нагадаў, што сітуацыя з высокаўзбагачаным уранам – гэта толькі адзін з пунктаў мемарандума аб узаемаадносінах. Цэнтральным пытанне у адносінах паміж ЗША і Беларуссю па-ранейшаму з’яўляюцца праблемы правоў чалавека і дэмакратыі.


Кіраўніцтва Беларусі пацвердзіла, што пытанні правоў чалавека і дэмакратыі ўсё яшчэ з’яўляюцца праблемнымі ў адносінах паміж Беларуссю і ЗША. ЗША гэта вітае. “Мы гэта вітаем і спадзяемся на прагрэс”, - адзначыў Скэнлан. Па словах амерыканскага дыпламата, пакуль у Беларусі захоўваецца статус-кво ў гэтай сферы, і выбары – гэта ўнікальная магчымасць, каб пайсці па шляху прагрэсу.

Майкл Скэнлан таксама заявіў, што сітуацыя вакол амбасады ЗША, калі колькасць супрацоўнікаў было зменшаная з 35 да 5, ускладніла галоўную мэту амбасады – інфармаваць журналістаў і насельніцтва пра пазіцыю кіраўніцтва ЗША па самых розных пытаннях. 

Цяпер удалося рэарганізаваць працу. У амбасадзе з’явіўся супрацоўнік палітычнага аддзела Крыстафер Паніка на пазіцыі першага сакратара. Сярод яго шматлікіх абавязкаў ёсць таксама абавязак працы з медыя. Таму зараз гэтую функцыю выконваць лягчэй, адзначыў кіраўнік дыпмісіі. 


Дарэчы, Крыстафер Паніка ў Беларусі чалавек не новы. На мяжы 1990-2000-х гадоў ён быў прадстаўніком Місіі АБСЕ ў нашай краіне. У 2000 годзе Паніку затрымалі беларускія міліцыянты, калі ён назіраў за святкаваннем Дня Волі ў Мінску. Тады міліцыянтаў нават не спынілі заявы пра яго дыпламатычную недатыкальнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі